Гарадзенскія ўлады не дазволілі генконсульству Польшчы паказаць фільм у кінатэатры “Кастрычнік”
9 сьнежня Генэральнае консульства РП у Горадні меркавала наладзіць у кінатэатры “Кастрычнік” прэм’еру кінафільму “Сьмерць ротмістра Пілецкага” і сустрэчу з рэжысэрам Рышардам Бугайскім. Намесьнік старшыні гарвыканкаму Аляксандар Сіўцоў у пісьмовым адказе напісаў, што адмаўляе дыпляматам з прычыны “парушэньня патрабаваньняў заканадаўства РБ”, паведаміла Радыё Свабода.
У выніку рэжысёр не прыехаў у Горадню, а паказ фільма адбыўся ў самім консульстве для вузкага кола гледачоў, пераважна з Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс, што не прызнаецца ўладамі. Кінасэанс плянаваўся ў рамках культурнай праграмы, якую палякі распрацавалі для жыхароў Горадні.
У гэты ж дзень у консульстве былі ўзнагароджаныя больш за дваццаць вэтэранаў Арміі Краёвай з розных мясьцінаў Гарадзеншчыны. Ім уручылі мэдаль “Pro memoria”, якім адзначаюць за ўдзел у барацьбе за незалежнасьць Польшчы. На ўрачыстасьць з Варшавы прыехалі кіраўнік камітэту па справах рэпрэсаваных і вэтэранаў ураду РП Януш Крупскі і сэнатар Браніслаў Карфанты.