Брэст: гарвыканкам прапануе агітаваць на стрэльбішчы
Брэсцкія прадстаўнікі апазіцыйных партый выказваюць незадаволеннасць рашэннем мясцовага гарвыканкаму, якім вызначаны месцы, дзе можна ладзіць масавыя мерапрыемствы падчас агітацыйнага этапу цяперашняй выбарчай кампаніі.
Як паведаміла старшыня гарадской арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Людміла Дзенісенка, з большага ўлады абралі месцы, малапрыгодныя для агітацыі. “Напрыклад, у Ленінскім раёне Брэста дазвол дадзены на шэсць пляцовак, з якіх чатыры знаходзяцца на ўскрайку, каля гандлёвых аб’ектаў, - тлумачыць Дзенісенка. – Побач з цэнтральным ўнівермагам можна будзе агітаваць, відавочна, толькі таму, што кандыдатам у дэпутаты мяркуе быць дырэктар гэтай крамы Віктар Валюшыцкі. А яшчэ адна вызначаная тэрыторыя – у скверы Іконнікава, дзе знаходзіцца помнік генералу. Я ўвогуле не ўяўляю, як можна ладзіць агітацыю ў гэтым скверы”.
Дарэчы, Брэсцкі гарвыканкам вызначыў у якасці пляцоўкі для масавых мерапрыемстваў падчас выбарчай кампаніі і плошчу Свабоды, якая таксама з’яўляецца памятным месцам: тут знаходзіцца мемарыял у гонар вайскоўцаў, што загінулі падчас вызвалення Брэста. А вось у Маскоўскім раёне горада ўлады месцамі для агітацыі вызначылі пляцоўкі ў парках, на стыдыёнах і нават на стрэльбішчы. Таму кіраўнікі брэсцкіх суполак апазіцыйных партый маюць намер абскардзіць гэтае рашэнне гарывыканкама, якое замінае паўнавартаснаму вядзенню выбарчай кампаніі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”