Маладэчна: назіральніка выставілі за дзверы
“Больш ніколі нічога мы Вам паказваць не будзем!” – заявіла старшыня акруговай камісіі Маладэчанскай выбарчай акругі №72 Святлана Юрчык незалежнаму назіральніку Эдуарду Баланчуку. Падобна на тое, што такое агрэсіўнае стаўленне ён “заслужыў” тым, што распавядаў незалежным СМІ аб некаторых сумнеўных дзеяннях камісіі.
Падчас апошняга наведвання Эдуардам Баланчуком акруговай камісіі яе старшыня літаральна выставіла назіральніка з кабінета. Яна нават размаўляць з ім не захацела, і на развітанне параіла ўважліва прачытаць артыкул 13, дзе размова ідзе аб правах назіральніка. У адказ Эдуард паспеў толькі нагадаць аб тым, што артыкул гэты якраз і называецца “Галоснасць пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў”.
Эдуард мяркуе, што “больш нічога паказваць яму не будуць” пасля яго паведамлення незалежным СМІ аб тым, што ён бачыў подпісы, якія здала праўладная кандыдатка Галіна Лазоўская, і засумняваўся ў іх якасці.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”