Па вёсках з агітацыяй не праедзеш
З больш чым 100 населеных пунктаў Светлагорскага раёну толькі ў 18 дазволена праводзіць агітацыйныя мерапрыемствы па-за памяшканнямі. Кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і іх давераным асобам не дазваляецца праводзіць пікеты і сходы ў 83 вёсках і пасёлках, у тым ліку ў двух цэнтрах сельсаветаў.
Пералік месцаў вызначаны рашэннем Светлагорскага райвыканкама ад 13 жніўня 2012 года № 1339 (на здымку). У Светлагорску для сходаў па-за памяшканнямі, мітынгаў і пікетавання вызначана 6 пляцовак. У астатніх паселішчах, якія патрапілі ў спіс – па адной.
Акрамя райцэнтра, агітацыйныя мерапрыемствы па-за памяшканнямі можна праводзіць у абмежаванай колькасці месцаў. Гэта абодва пасёлкі гарадского тыпу – рабочы пасёлак Парычы і гарадскі пасёлак Сасновы Бор, 4 цэнтры сельскіх Саветаў – Асташкавічы, Баравікі, Мікалаўка, Чыркавічы, і яшчэ 11 вёсак: Вяжны, Дуброва, Казлоўка, Майсееўка, Міхайлаўка, Палессе, Печышчы, Прасвет, Прудок, Хутар і Якімава Слабада. А агульная колькасць паселішчаў у раёне – 101.
У вёсках Давыдаўка і Краснаўка, якія таксама з’яўляюцца цэнтрамі сельсаветаў, месцаў для агітацыйных мерапрыемстваў не прадугледжана.
У розных сельсаветах колькасць месцаў для агітацыі заўважна адрозніваецца. Так, у Мікалаеўскім сельсавеце агітацыйныя мерапрыемствы можна праводзіць у 4-х паселішчах, а ў Асташкавіцкім – толькі ў саміх Асташкавічах.
Вызначэнне месцаў для правядзення перадвыбарчых масавых мерапрыемстваў (сходаў па-за памяшканнямі, мітынгаў, пікетавання) прадугледжана Выбарчым кодэксам. Крытэрыі для выбару гэтых месцаў і іх колькасці у Кодэксе не акрэслены.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”