Сёння ідэолагі і чыноўнікі на Магілёўшчыне распавядаюць пра выбары
16 жніўня ў Магілёўскай вобласці -- адзіны дзень інфармавання насельніцтва, асноўная тэма якога -- інфармацыя “Аб выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”. Нарэшце жыхары розных раёнаў Магілёўскай вобласці змогуць атрымаць больш-менш падрабязную інфармацыю аб выбарчай кампаніі, якая ўжо даўно ідзе ў краіне. Да гэтага раённыя газеты надавалі тэме выбараў у Палату прадстаўнікоў зусім няшмат увагі, абмяжоўваючыся ў асноўным перадрукоўкай матэрыялаў БЕЛТА.
Зараз жа матэрыялы пра асаблівасці выбарчай кампаніі апублікавалі ў нумарах за сераду, 15 жніўня, практычна ўсе раёнкі Магілёўскай вобласці. Сёння так званыя “інфармацыйна-прапагандысцкія” групы райвыканкамаў будуць распавядаць пра выбары працаўнікам прадпрыемстваў і арганізацый Магілёўскай вобласці, а таксама сустракацца з насельніцтвам у крамах і ля прыпынкаў аўтамагазінаў.
Значна больш увагі маючым адбыцца выбарам пачалі надаваць і прадстаўнікі “ідэалагічнай вертыкалі” Магілёўшчыны. У шэрагу раёнаў вобласці адбылася навучанні ідэалагічнага актыва, асноўная ўвага на якіх надавалася забяспячэнню правядзення палітычнай кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. У прыватнасці, падчас такога навучання ў Круглянскім раёне ідэолагаў вучылі, што патрэбна рабіць, каб кожны працаўнік быў задаволены адносінамі да сябе і падтрымаў патрэбнага кандыдата. Казалася пра тое, што кожны намеснік кіраўніка прадпрыемства альбо арганізацыі па ідэалогіі павінен адсочваць сітуацыю, ведаць усё пра свой калектыў, чым жыве і дыхае кожны працаўнік, які ў яго настрой на працу і г. д.
Пра свой актыўны ўдзел у правядзенні выбарчых кампаній у Магілёўскай вобласці заяўляюць і прадстаўнікі праўладных арганізацый, - БРСМ і ГА “Белая русь”, якія збіраюцца вылучыць назіральнікаў практычна ва ўсе ўчастковыя камісіі выбарчых акруг Магілёўскай вобласці.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”