Сёньня ва Упраўленьні кантрольна-прапускных пунктаў сын Аляксандра Мілінкевіча даў тлумачэньні наконт свайго пашпарта, які так і не вярнулі
Сёньня сын лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча (таксама Аляксандр) зьявіўся ва Упраўленьне кантрольна-прапускных пунктаў, дзе паводле абяцаньняў Дзяржаўнага камітэту памежных войск, яму павінны былі вярнуць адабраны 29 лістапада пашпарт. Як паведаміла прэс-служба Мілінкевіча, замест пашпарту, сын палітыка быў падзвергнуты 2-х гадзіннаму допыту. Памежнікаў цікавіла, якім чынам ягоны пашпарт апынуўся ў бацькі.
Пашпарт Аляксандра Мілінкевіча-малодшага быў забраны памежнікамі 29 лістапада падчас асабістага дагляду лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча ў аэрапорце “Мінск-2”. Нагадаем, што лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл 26-29 лістапада знаходзіўся з візітам Рызе, дзе прымаў удзел у саміце НАТА. Падчас вылету з Мінска памежнікі памылкова паставілі штамп у пашпарт сына. Заўважана гэта было толькі тады, калі палітык вяртаўся назад. Сваёй памылкі памежнікі не прызналі і абвінавацілі Аляксандра Мілінкевіча ў наўмысным перасячэнні мяжы па несапраўдным дакументам. Палітыка чакае суд.
А сын Аляксандра Мілінкевіча вярнуць свой пашпарт паспрабуе праз два тыдні, але ўжо ў Гарадзенскім АВІРы, пасля таго, як справа супраць лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл будзе перададзеная ў суд. Па меншай меры, так абяцаюць ў памежных службах.