Невядомыя ўзламалі электронную пошту Эдуарда Злобіна
У Пінску невядомыя ўзламалі старонку ў сацыяльнай сетцы “Фэйсбук” і электронную пошту знанага краязнаўцы, даследчыка гісторыі горада за польскі час Эдуарда Злобіна. З пошты выдалена ўся перапіска, а на старонцы размешчаныя абразлівыя малюнкі. Ад імя краязнаўцы распаўсюджваюцца розныя паклёпныя паведамленні.
Пакуль Эдуард Злобін падрыхтаваў зварот да адміністраці інтэрнэт-рэсурсаў і заблакаваў свае акаунты. Разабрацца ў сітуацыі дапамагае юрыст Вадзім Макееў, які адзначыў, што перад нейкімі палітычнымі кампаніямі ў краіне гэта вельмі частая з’ява:
- Думаю, што ў перыяд усіх гэтых перадвыбарчых кампаній, працэсаў, якія адбываюцца зараз у краіне, у першую чаргу ўзламваюць электронную пошту людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, грамадскіх актывістаў, тых, хто ўяўляе нейкую цікавасць для спецслужбаў.
Краязнаўца хвалюецца за свой архіў, фатаздымкі і відэа, якое ён з вялікай цяжкасцю і працяглы час аднаўляў пасля ператрусу праваахоўных органаў у 2007 годзе, пасля наведання Пінску старшыні Руху “За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча.