viasna on patreon

Рэдакцыя незалежнага выданьня “Витебский курьер” не зьбіраецца высяляцца з арэндуемага памяшканьня, нягледзячы на пісьмовыя патрабаваньні арэндадаўцаў

2006 2006-12-08T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

6 сьнежня незалежная грамадзка-палітычная газэта “Витебский курьер” атрымала пісьмовы загад — вызваліць памяшканьні ў будынку №120 на Маскоўскім праспэкце, дзе рэдакцыя арандуе тры пакоі ў адкрытага акцыянэрнага таварыства “Элсан”, нібыта за парушэньні заканадаўства. Гэты загад арэндадаўцы патрабавалі выканаць у надзвычай сьціслы тэрмін — да 8 сьнежня.

Галоўны рэдактар “Витебского курьера” Ўладзімер Базан лічыць загад пра высяленьне незаконным, бо за паўтара месяца арэнды (а рэдакцыя месьціцца тут з 20 кастрычніка) ня быў парушаны ніводзін пункт дамовы. Між тым, сярод арандатараў “Элсану” ёсьць арганізацыя, якая запазычылася прадпрыемству 100 мільёнаў рублёў, але нават ад яе не патрабуюць тэрміновага высяленьня.

Што да “Витебского курьера”, то дамову пра арэнду памяшканьняў склалі да 31 жніўня 2007 году, і рэдакцыя, паводле спадара Базана, не зьбіраецца высяляцца, нягледзячы на пісьмовыя патрабаваньні арэндадаўцаў: “Пераяжджаць мы не зьбіраемся. Нам няма куды, хіба проста на вуліцу! Перасяляючыся сюды, мы знарок шукалі такую арганізацыю, каб мела будынак, які не ўваходзіць у гарадзкі камунальны фонд, які не падуладны гарвыканкаму. Думалі, што знайшлі. Але аказалася, гэта ня так. Мяркую, што сапраўдная прычына высяленьня — набліжэньне выбараў: улады ня хочуць, каб заставаліся не падкантрольныя ім газэты”.

Рэдактар “Витебского курьера” лічыць, што напярэдадні мясцовых выбараў знайсьці арэндадаўцу, што дасьць недзяржаўнай газэце плошчы і юрыдычны адрас, будзе немагчыма. Ён таксама не выключае, што рэдакцыю будуць высяляць з памяшканьня гвалтам, паведаміла Радыё Свабода.

Нагадаем, што за апошні год “Витебский курьер” мусіў пераяжджаць двойчы: спачатку рэдакцыю выселілі з будынку Культурна-дзелавога цэнтру “Віцебск”, у якім газэта працавала амаль дзесяць гадоў, а потым і з будынку таксаматорнага парку, дзе рэдакцыя арандавала два невялікія пакойчыкі. У абодвух выпадках гаспадары памяшканьняў адмаўляліся працягваць з недзяржаўнай газэтай дамову пра арэнду, але ніколі не патрабавалі вызваліць тэрыторыю за такі кароткі тэрмін.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства