Брэст: Спынена разбіральніцтва па справе салідарнай прабежкі Уладзіміра Малея
Праваабаронца з Брэста Уладзімір Малей 14 жніўня наведаў Ленінскі РАУС абласнога цэнтру па позве, якую яму напярэдадні даставіў участковы, капітан міліцыі Віктар Селівонік. У аддзяленні было праведзена разбіральніцтва па факту бегу Малея 4 жніўня па вуліцах Брэста ў майцы з выявай Алеся Бяляцкага на знак салідарнасці з арыштаваным старшынёй Праваабарончага цэнтра “Вясна” і іншымі палітзняволенымі.
Участковы не хаваў таго, што загад правесці праверку паступіў з абласнога Упраўлення ўнутраных спраў, супрацоўнікі якога выявілі гэты факт па здымках у інтэрнэце.
Па словах Уладзіміра Малея, ён даў тлумачэнне работнікам праваахоўных органаў, што грамадскага парадку не парушаў, нікому бегам не замінаў, у выніку чаго адміністрацыйнае разбіральніцтва было спынена.