Горкі: Акруговая камісія пачала праверку подпісаў
14 жніўня ў 17-00 адбылося паседжанне акруговай камісіі Горацкай выбарчай акругі № 82, падчас якога разглядалася пытанне аб праверцы сапраўднасці пададзеных прэтэндэнтамі ў кандыдаты ў дэпутаты дакументаў для рэгістрацыі і падпісных лістоў у падтрымку іх вылучэння. На паседжанні прысутнічала незалежны назіральнік, рэдактар Горацкай газеты “Узгорак” Галіна Будная.
“ У першую чаргу хацелася б адзначыць, што ў нашай акрузе па-ранейшаму засталося тры прэтэндэнты ў кандыдаты, вылучэнец ад партыі “Зялёныя” так і не прадаставіў у камісію дакументы, - распавядае Галіна Будная. – На паседжанні камісіі прысутнічала дзесяць яе членаў, яно было правамоцным. Вырашалі пытанне, якім чынам будуць правяраць падпісныя лісты з подпісамі. У падтрымку вылучэння дэкана аграфака Міхаіла Волкава ініцыятыўная група сабрала 4541 падлягаючых праверцы подпісаў выбаршчыкаў на 285 падпісных лістах. Ініцыятыўная група галоўнага спецыяліста па маркетынгу РУП “Вучгас БДСГА” Андрэя Юркова сабрала 1113 падлягаючых праверцы подпісаў на 75 падпісных лістах. Камісія вырашыла праверыць у кожнага прэтэнданта па 200 подпісаў, прычым у Андрэя Юркова будуць правяраць кожны падпісны ліст праз дзесяць, г. зн. 1, 11, 21 і г. д. У Міхаіла Волкава падпісныя лісты будуць правярацца праз 50, т. ё. 1, 51, 101 і г. д.
Узніклі пэўныя пытанні ў камісіі і па вылучэнцу ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі, кіроўцу Горацкага райста Барысу Парчэўскаму. Высветлілася, што яму давялося два разы падаваць дакументы аб сваім вылучэнні, бо першы раз ён быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты раней устаноўленага законам тэрміну. Акруговая камісія таксама збіраецца правяраць правільнасць яго вылучэння кандыдатам”.
Па словах Галіны Буднай, папярэдне запланавана, што паседжанне акруговай камісіі Горацкай выбарчай акругі № 82, на якім будзе разгледжана пытанне аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты па гэтай акрузе, адбудзецца 22 жніўня.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”