Сёньня - 50 дзень галадоўкі Аляксандра Казуліна. Ягоныя паплечнікі пачынаюць масавую акцыю салідарнасьці
Як паведаміла прэс-служба экс-кандыдата ў прэзідэнты, у палітычнай акцыі мае намер прыняць удзел каля 500 чалавек па ўсёй краіне, сярод якіх сябры менскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), сябры палітычных партый з усіх абласцей Беларусі і менскі штаб аб’яднаных дэмакратычных сіл. У галадоўцы будуць удзельнічаць вядомыя палітыкі Віктар Івашкевіч, Алена Скрыган, Валянціна Палевікова, прафсаюзны лідэр Генадзь Фядыніч, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, дочкі Аляксандра Казуліна Вольга і Юлія.
Масавая галадоўка працягнецца адзін дзень. “Гэта сімвалічная галадоўка. А.Казулін не павінен памерці. Сёння нам дарагі кожны дзень, кожная гадзіна. Мы не можам дазволіць Аляксандру Ўладзіслававічу працягваць галадоўку. Сёння ён знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане, і кожны наступны дзень галадоўкі можа зрабіць непапраўнае. Мы падтрымліваем усе ягоныя патрабаванні і настойліва просім яго спыніць галадоўку. Ён сваёй галадоўкай зрабіў значна больш, чым мы маглі і меркаваць. Таму няхай перадае сваю эстафету нам. Мы яе падхопім”, – паведаміў арганізатар акцыі Алесь Стральцоў.