Кіраўніцтва ГА “БАЖ” паручылася за Антона Сурапіна
Хадайніцтва Жанны Літвіной і Андрэя Бастунца аб змене меры стрымання журналіста было накіравана ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі, які займаецца расследаваннем справы зняволенага сябра арганізацыі.
“Мы, Літвіна Жанна Мікалаеўна і Бастунец Андрэй Леанідавіч, на падставе арт. 121 КПК Рэспублікі Беларусь хадайнічаем аб змене меры стрымання, ужытай да Сурапіна Антона Андрэевіча, які абвінавачваецца ў спрыянні незаконнаму перасячэнню дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь (ч. 6 ст. 16 і ч. 3 ст. 371 КК), і вызваленні яго з-пад варты пад наша асабістае паручальніцтва.
Даём гарантыі, што Сурапін А.А., знаходзячыся на волі, не схаваецца ад органа крымінальнага пераследу і суда, не будзе перашкаджаць расследаванню справы ці разгляду яго судом і не будзе займацца злачыннай дзейнасцю”, - гаворыцца ў паручальніцтве.
Паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, паручальніцтва за зняволенага могуць даць два ці болей раней не судзімых грамадзян краіны, якія «заслугоўваюць даверу». У сувязі з гэтым ГА “БАЖ” прапануе ўсім неабыякавым грамадзянам таксама падпісаць адпаведнае паручальніцтва і накіраваць яго на адрас КДБ Беларусі (г.Мінск, пр.Незалежнасці 17).