Карэспандэнта Радыё Рацыя выклікаюць у пракуратуру
Карэспандэнта Радыё Рацыя выклікаюць у Мінскую гарадскую пракуратуру па састарэлай позве. Узяць тлумачэнні ў Генадзя Барбарыча хоча Дзмітрый Пастаялка, а ў выпадку няяўкі пракурор пагражае журналісту штрафам альбо адміністрацыйным арыштам. Справа ў тым, што на допыт у пракуратуру Генадзя Барбарыча выклікалі на пятніцу, аднак адпаведная позва была ўручана журналісту толькі ў суботу 11 жніўня. Карэспандэнт нашага радыё гаворыць, што не ведае, з чым можа быць звязаны пракурорскі выклік.
Генадзь Барбарыч:
– Я атрымаў заказны ліст, пайшоў у суботу на пошчу, і тут павестка. «У адпаведнасці ў пунктам 11, артыкула 27 Закона РБ па пракуратуры РБ вам неабходна з'явіцца 10 жніўня 2012 года ў пракуратуру горада Мінска. Пры сабе неабходна мець пашпарт. Пры няяўцы вы можаце быць падвергнуты прымусоваму прыводу праз органы міліцыі, на вас таксама можа быць накладзены штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь або ўжыты адміністрацыйны арышт. Пракурор аддзела Д.В.Пастаялка.»
Апошні раз цікавасць да журналістаў Радыё Рацыя ў Мінску праваахоўныя органы праяўлялі 2 траўня, калі ў офісе журналістаў міліцыянты правялі ператрус. Тады ж праваахоўнікі ўзялі тлумачэнні і ў прысутнага на офісе Генадзя Барбарыча, аднак ніякіх пратаколаў у дачыненні журналіста не складалі, а канфіскаваная тэхніка была вернутая праз месяц.