У Шаркаўшчыне затрымалі незалежных журналістаў
11 жніўня ў Шаркаўшчыне ў пастарунку апынуліся
Зьміцер Лупач, Вячаслаў Пяшко і Ганна Аземша. Зьміцер Лупач — рэдактар
недзяржаўнай газэты «Прэфект-інфо». Гэта рэклямнае выданьне, якое выдаецца
ў Глыбокім і распаўсюджваецца ў вакольных райцэнтрах. Журналісты
Вячаслаў
Пяшко і Ганна Аземша здымалі,
як спадар Лупач распаўсюджвае газэту.
Паводле Лупача, усіх трох затрымалі пасьля тэлефанаваньня нейкіх «пільных
грамадзян»:
«У райаддзеле міліцыі сказалі, што нехта патэлефанаваў
і паскардзіўся, што распаўсюд газэты на кірмашы здымаюць
на відэакамеру. Ніякага крыміналу я тут ня бачу, і сказаў
супрацоўнікам міліцыі, што мяне здымалі мае сябры. Але міліцыянты на гэтым
не супакоіліся: пачалі дапытваць мяне, ці зарэгістраваная гэта
газэта, хто яе выдае, зь якімі мэтамі і гэтак далей».
Затрыманых адпусьцілі, узяўшы зь Зьмітра Лупача абяцаньне, што
ў панядзелак ён перадасьць па факсе доказы таго, што рэклямная
газэта выходзіць легальна. Дарэчы, у Шаркаўшчыне яе распаўсюджваюць
ня першы год, і дагэтуль пытаньняў не было.
Газэту выдае фірма «Прэфект-інфо», заснавальнік якой — глыбоцкі актывіст
кампаніі «Гавары праўду» Яраслаў Берніковіч.
Ён бярэ ўдзел у парлямэнцкай выбарчай кампаніі — зьбіраецца
балятавацца кандыдатам у Наваполацкай выбарчай акрузе № 25.