Слуцк: Рэдактару раёнкі загадана пісаць пра выбары
Старшыня Слуцкага райвыканкама Уладзімір Даманеўскі папрасіў рэдактара раённай газеты "Слуцкі край" Валянціну Ражанец пісаць пра выбары.
Кіраўнік “вертыкалі” параіў рэдактару раёнкі ўзяць інтэрв'ю ў старшыні акруговай выбарчай камісіі па Слуцкай акрузе № 67 Аляксандра Андрушкевіча. Даманеўскі падкрэсліў: “Гэта асабістая справа Андрушкевіча - даваць інтэрв'ю ці не, але я лічу, што ён павінен гэта зрабіць”.
Акрамя таго, раёнцы прапанавана публікаваць нават крытычныя матэрыялы аб ходзе кампаніі па парламенцкіх выбарах.
- Пішыце больш пра выбары, таму што, можа быць, не ўсе ў нас ведаюць пра тое, што ў краіне ідзе выбарчая кампанія, - выказаў меркаванне Уладзімір Даманеўскі 7 жніўня на паседжанні Слуцкага райвыканкама, на якім зацвярджаўся склад участковых выбарчых камісій.
Праз тры дні пасля паседжання на сайце «Слуцкага краю» былі апублікаваныя спісы сябраў участковых выбарчых камісій з указаннем спосабу іх вылучэння, а таксама навіна пра утварэнне камісій, аўтарам якой выступіў аддзел арганізацыйна-кадравай работы Слуцкага райвыканкама.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»