Актывісты аспрэчваюць стварэнне ўчастковых камісій у Гарадоцкім раёне
Віцебскі абласны камітэт БСДП (Грамада) і Віцебская абласная Рада Партыі БНФ патрабуюць прызнаць рашэнне Гарадоцкага райвыканкама ад 8 жніўня па фармаванні ўчастковых выбарчых камісій Гагарынскай №36 і Савецкай №34 незаконнымі
У скаргах, накіраваных у суд Гарадоцкага раёну, адзначаецца, што зацвярджэнне складу камісій, у якія не ўключылі Леаніда Гаравога (БСДП (Грамада) і Вольгу Аўтухову (Партыя БНФ), адбылося з парушэннем нормаў выбарчага заканадаўства.
У прыватнасці, Гарадоцкі райвыканкам праігнараваў прынцыпы адкрытасці і галоснасці, лічаць актывісты. Бо фармаванне ўчастковых выбарчых камісій праводзілася закрыта і таемна на паседжанні нейкай рабочай групы. Крытэрыі фарміравання ўчастковых выбарчых камісій так і засталіся невядомымі.Само ж пасяджэнне райвыканкама, на якім прымалася рашэнне, адбылося з грубымі парушэннямі выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а менавіта: склад членаў райвыканкама, прысутных на пасяджэнні, не абвяшчаўся, праект рашэння і абмеркаванне вылучаных у склад камісіі кандыдатур не праводзіліся, галасавання па пытаннях, якія ставілася падчас пасяджэння, таксама не было.
Паводле прысутнага на пасяджэнні Леаніда Гаравога, працэдура фарміравання трыццаці адной ўчастковай выбарчай камісій Гарадоцкага раёна заняла 15 хвілін. Абодва дэлегаваныя апазіцыйнымі партыяй прадстаўнікі не былі ўключаны ў склад участковых камісій.
Таму, звяртаючыся ў суд, рашэнне Гарадоцкага раённага выканаўчага камітэта ад 8 жніўня 2012 г. “Аб утварэнні участковых выбарчых камісій па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання” заяўнікі лічаць незаконным. І патрабуюць абавязаць Гарадоцкі раённы выканаўчы камітэт прыняць новае рашэнне па фармаванні ўчастковых выбарчых камісій.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”