"Справядлівы свет" падаў у суд на Аршанскія выканкамы
Віцебскі абласны камітэт партыі левых "Справядлівы свет" падаў скаргу ў суд Аршанскага раёна і г. Оршы на неправамерныя дзеянні Аршанскага гарвыканкама, што ўшчамляюць выбарчыя правы грамадзян.
У скарзе аўтары паказваюць, што прадстаўленыя кандыдатуры дзесяці сябраў партыі не былі ўключаныя ў склад участковых выбарчых камісій. Крытэрый адбору сябраў участковых камісій невядомы. Прычына, па якой прадстаўнікі партыі не ўключаны ў склад камісій, не патлумачаная. Разам з тым не ва ўсе ўчастковыя камісіі ў Оршы ўвайшлі прадстаўнікі палітычных партый.
Заяўнікі просяць суд прызнаць рашэнне Аршанскага гарвыканкама ад 8 жніўня 2012 года па фарміраванні ўчастковых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў незаконным, што ўшчамляе правы грамадзян.
Аналагічная скарга накіраваная ў той жа суд на Аршанскі райвыканкам, які адмовіўся ўключыць двух сябраў "Справядлівага свету" ва ўчастковыя камісіі Аршанскага раёна.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"