viasna on patreon

Беларускія ўлады не працягнулі візы сямі ксяндзам і пяці сёстрам-законьніцам, што працавалі ў Гарадзенскай каталіцкай дыяцэзіі

2006 2006-12-06T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра тое, што сямі ксяндзам і пяці сёстрам з Польшчы, што працуюць на Гарадзеншчыне, адмовіліся працягнуць візы, стала вядома яшчэ 20 верасьня. Гарадзенскі біскуп Аляксандар Кашкевіч спрабаваў дамагчыся адмены гэтага рашэньня, але марна. Да канца сьнежня ўсе гэтыя духоўныя асобы, якія зьяўляюца грамадзянамі Польшчы, павінны пакінуць тэрыторыю Беларусі. Улады тлумачаць рашэньне патрэбай уладкаваць на вызваленыя месцы маладых сьвятароў і сясьцёр — беларускіх грамадзянаў. Прадстаўнікі Гарадзенскай дыяцэзіі гавораць, што касьцёл кіруецца ўласным правам, і толькі біскуп, а ня сьвецкія ўлады вырашаюць, якога сьвятара і на якую пасаду прызначыць.

Радыё Свабодзе распавядае вікарый гарадзенскага катэдральнага Фарнага касьцёлу ксёндз Андрэй Зноска: “Былі тры звароты ксяндза-біскупа да ўладаў. Спачатку да гарадзенскіх уладаў, пасьля два лісты ў Менск, у Камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў. І днямі, заўчора альбо ўчора, прыйшоў наступны катэгарычны адказ: “Усе сем ксяндзоў і пяць сёстраў павінны выехаць у той час, калі ў іх будуць заканчвацца візы. Гэта прыкладна да канца сьнежня павінны выехаць. Катэгарычны адказ”.

Наконт матывацыі ўладаў аб працаўладкаваньні маладых мясцовых ксяндзоў кс.Зноска гаворыць: “Забываюцца пра тое, што касьцёл кіруецца сваім уласным правам sui juris. Ён аддзелены ад дзяржавы, і біскуп вырашае, як працаўладкоўваць сваіх ксяндзоў. Усе свае — і тыя, што прыехалі з Польшчы, і мясцовыя. У нас такога падзелу няма і быць ня можа”.

Супрацоўнік Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Аляксандар Калінаў адмовіўся камэнтаваць прынятае рашэньне. 5 сьнежня біскуп Аляксандар Кашкевіч выехаў у Менск абмеркаваць сітуацыю касьцёлу на Гарадзеншчыне (высылка сьвятароў і сёстраў, галадоўка вернікаў) з нунцыем Ватыкану ў Беларусі арцыбіскупам Марцінам Відавічам. Кіраўніцтва Гарадзенскай дыяцэзіі зьбіраецца выступіць з адкрытым зваротам да беларускіх уладаў. Ксёндз Андрэй Зноска лічыць, што ў абвастрэньні дачыненьняў з касьцёлам вінаватая мясцовая ўлада: “Праблема не ў законе. Праблема не ў канстытуцыйнай свабодзе — яна ёсьць. Толькі нам тут на месцы, у Горадні, яе не даюць. А чаму гэта здарылася менавіта ў гэтым сьнежні? Відаць, настаў такі момант, як напісана ў Эвангельлі, надышла паўната часу. Мера перапоўнілася, павінен настаць канфлікт”.

Цяпер у Гарадзенскай дыяцэзіі працуюць 180 сьвятараў. Дзьве траціны — грамадзяне Беларусі, рэшта — грамадзяне Польшчы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства