Гародня: Пракуратура стала на бок акруговай камісіі
Правабаронца з БХК Раман Юргель атрымаў чарговую адпіску з дзяржаўных органаў, якія мусяць рэагаваць на парушэнні выбарчага заканадаўства. На гэты раз - з пракуратуры Гарадзенскай вобласці, куды былі перасланыя ягоныя скаргі, што першапачаткова былі накіраваныя ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь.
Намесніца пракурора Гарадзенскай вобласці Святлана Рахман не ўгледзела ў прыведзеных фактах разыходжання афіцыйных лічбаў па рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў парушэнняў заканадаўства. Усё тлумачыцца нібыта тэхнічнай памылкай. Яна піша, што па пытанні разыходжання колькасці зарэгістраваных групаў устаноўлена, што на 19.07.2012, у апошні дзень рэгістрацыі, іх налічвалася 35. Аднак ужо пасля завяршэння рэгістрацыі, 22.07.2012, адзін грамадзянін падаў заяву пра адкліканне сваёй ранейшай заявы. Хто гэта быў – застаецца невядомым. Пракуратура сцвярджае, што ўносіць змены ў агульныя звесткі не было патрэбы.
Раман Юргель, аднак, лічыць, што органы, якія займаюцца арганізацыяй выбараў, у прыватнасці акруговыя выбарчыя камісіі, мусяць ажыццяўляць сваю дзейнасць без такіх недарэчнасцяў, а ўсе пытанні павінны асвятляцца дакладна і празрыста, чаго насамрэч няма. Так і застаўся невядомым праўладны прэтэндэнт па Ваўкавыскай выбарчай акрузе №48, з-за якога выйшлі недарэчнасці і тэхнічныя памылкі на сайце аблвыканкаму і ў абласной газеце. Яго прозвішча не назвалі дагэтуль ні Цэнтрвыбаркам, ні пракуратура.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”