Віталь Гуляк: палітвязням патрэбна падтрымка, а грамадству – інфармацыя
Грамадска-палітычны актывіст з Ваўкавыску Віталь Гуляк рэгулярна праводзіць у горадзе адзіночныя акцыі інфармавання жыхароў пра палітычныя судовыя працэсы і палітвязняў Беларусі.
4 жніўня, калі споўніўся год пасля арышту кіраўніка Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, Гуляк пачаў расклейваць адмыслова падрыхтаваныя плакацікі з партрэтам праваабаронцы і надпісам “Свабоду Бяляцкаму”. Ён быў затрыманы ў цэнтры Ваўкавыску, пасля чаго ў яго кватэры быў праведзены ператрус. Пытаннем “нейтралізацыі” Гуляка займаліся сам начальнік мясцовага РАУС і яго намеснікі. Магчыма, па гэтым факце будзе распачатая адміністратыўная справа.
Віталь Гуляк выказвае перакананне ў тым, што зняволеным, якія пакараныя паводле палітычных справаў і прызнаныя вязнямі сумлення, вельмі патрэбна падтрымка тых, хто знаходзіцца на волі. Грамадства ж, асабліва ў малых гарадах і мястэчках, мае недастаткова інфармацыі пра сутнасць гэтых працэсаў.