Слуцк: Кіраўнік ініцыятыўнай групы Інэсы Кляшчук хавае ад прэсы колькасць сабраных подпісаў
З чацвярых прэтэндэнтаў у кандыдаты, якія зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы ў Слуцкай акруговай камісіі, подпісы збіраюць толькі трое.
Слуцкі прадпрымальнік Аляксандр Солап, чыю кандыдатуру на выбарах падтрымлівае грамадзянская кампанія «Гавары праўду!», ужо сабраў 1000 подпісаў. Ён мае намер працягнуць збор подпісаў, каб як мага большая колькасць случчакоў даведалася пра альтэрнатыву на парламенцкіх выбарах.
Ініцыятыўная група гэтага прэтэндэнта, акрамя паходаў ад дзвярэй да дзвярэй, выкарыстоўвае пікеты. 5 жніўня кіраўнік штаба Солапа Юлія Балакір правяла пікет каля ўнівермага «Слуцк». Да збору подпісаў у сваю падтрымку падключыўся Аляксандр Солап і ... плюшавы медзведзяня - як сімвал салідарнасці з арыштаваным журналістам Антонам Сурапіным.
Яшчэ адзін прэтэндэнт у кандыдаты - прадпрымальнік з вёскі Падзерскія Агароднікі Аляксандр Шыловіч са сваёй ініцыятыўнай групай сабраў больш за 800 подпісаў. «Мы не ўгаворвалі нікога за іншых прэтэндэнтаў не падпісвацца», - жартуе сельскі бізнесмен. Паводле яго слоў, «у горадзе народ лае дэпутатаў, на чым свет стаіць».
Кіраўнік ініцыятыўнай групы Інэсы Кляшчук пенсіянер Іван Саніковіч адмовіўся адказваць на пытанне карэспандэнта газеты «Інфа-Кур'ер», ці ўзнікаюць у іх праблемы са зборам подпісаў. Не агучыў ён і колькасць сабраных у падтрымку Кляшчук подпісаў, адзначыўшы, што «усё ідзе нармальна, людзі выказваюць свае пажаданні, у асноўным яны датычацца добраўпарадкавання». Вядома, што ініцыятыўная група гэтай прэтэндэнткі ў кандыдаты ўключае 40 чалавек.
Нагадаем, старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада" Анатоль Юрэвіч спыніў збор подпісаў.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»