Вялейка: з начальнікам галоўнага ўпраўлення эканамічнай бяспекі КДБ супернічаюць чацвёра прэтэндэнтаў
Нягледзячы на тое, што мясцовыя афіцыйныя выданні ўпарта маўчаць наконт асобаў, якія плануюць прадстаўляць Вялейшчыну ў парламенце, гэтыя звесткі былі “рассакрэчаны” недзяржаўнымі СМІ. Такім чынам стала вядома, што трое прэтэндэнтаў у кандыдаты ўжо збіраюць подпісы, і двое – пойдуць ад партый.
Абсалютна нечакана для вялейчукоў, якія хоць колькі-небудзь цікавяцца палітычным жыццём, на гэтай выбарчай акрузе з’явіліся два праўладных прэтэндэнты ў кандыдаты: Віктар Русак, начальнік галоўнага ўпраўлення эканамічнай бяспекі Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі, і Ігар Барысавец, начальнік аддзела па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва Мядзельскага раёна КУП “Мінаблкінавідэапракат”. Відавочна, што “галоўным кандыдатам” тут лічыцца Віктар Русак, які ўжо пачаў “перадвыбарчую агітацыю”: наведаў галоўнае мясцовае прадпрыемства завод “Зяніт”, пра што падрабязна напісала газета “Шлях перамогі”. У сваёй прамове да супрацоўнікаў “Зяніту” спадар Русак узгадаў і Купалу з Коласам, і паказаў веданне “глыбінных працэсаў з’яўлення крызісных праяваў”, але ў асноўным выступ быў прысвечаны хвалам беларускім уладам і абяцанням жыцця яшчэ лепшага.
Таксама зусім нечакана на Вялейскай выбарчай акрузе з’явіўся яшчэ адзін незалежны прэтэндэнт у кандыдаты. Ініцыятыўную групу зарэгістраваў жыхар вёскі Азяркі-Дварышча, сямідзесяцігадовы пенсіянер Вячаслаў Чалы. Па сведчаннях мясцовых грамадска-палітычных актывістаў, якія маюць з ім кантакты, матывы і намеры вылучэння гэтага прэтэндэнта застаюцца незразумелымі, акрэсленай пазіцыі і сфармуляванай праграмы ён таксама не мае.
Не змянілі намераў прыняць актыўны ўдзел і двое магчымых кандыдатаў ад палітычных партый – Уладзімір Мялярчук (АГП) і Іосіф Маціюн (“Справядлівы свет”).
На фота: Віктар Русак на ААТ "Зеніт", здымак з сайта Вілейскага выканаўчага камітэту.
“Праваабаронцы за свабоднныя выбары”