Жодзіна: затрыманьні ў дзень салідарнасьці
У Жодзіна 4 ліпеня прыкладна а 19-10 на перакрыжаваньні пр. Міру і вул. 50 год Кастрычніка супрацоўнікі Жодзінскага ГАЎС затрымалі й даставілі ў адзьдзяленьне двух маладых мінакоў, на якіх былі майкі з надпісам “Свабоду Алесю Бяляцкаму!”
Андрэя Зубру й Сяргея Хамуцініна спынілі супрацоўнікі ГАЎС, якія пад’ехалі да іх на дзяжурнай міліцэйскай машыне. Падставаю для затрыманьня - была названая неабходнасьць вызначэньня асобаў жодзінцаў.
У часе дастаўкі ў ГАЎС, арыштаваныя адразу паведамілі па тэлефоне аб здарэньні праваабаронцу Аляксею Лапіцкаму. Ужо а 19-20, праз 10 хвілінаў з моманту іх затрыманьня, пасьля дастаўкі ў ГАЎС і вызначэньня асобаў, а таксама кароткай прафіляктычнай размовы наконт недапушчальнасьці ўдзелу ў несанкцыяваных масавых мерапрыемствах… - жодзінцаў без складаньня пратаколаў адпусьцілі.
Варта адзначыць, што 4 жніўня, у Дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю й праваабарончым рухам Беларусі, у горадзе бліжэй да 18-00, ля плянаванай пляцоўкі забароненага Жодзінскім выканкамам пікетаваньня, была заўважаная значная актыўнасьць міліцыі.
Так, акрамя двух перасоўных нарадаў па 3 чалавекі - ля крамы “Эўрасетка” дзяжурыў адмысловы нарад з трох міліцыянтаў і міліцэйская машына, якая спынілася насупраць самой канцэртная пляцоўкі на ўваходзе ў Гарадзкі парк культуры й адпачынку, дзе плянавалася забароненае гарадзкімі ўладамі мерапрыемства, паведамляюць licviny.info.