Алена Красоўская-Касьпяровіч замест суду апынулася ў чыстым полі
Невядомыя людзі ў цывільным забралі намесьніцу кіраўніка «Плятформы» з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў і вывезьлі за межы Менску.
Красоўская-Касьпяровіч кажа, што людзі ў цывільным без
тлумачэньня прычынаў рэзка спынілі машыну і запатрабавалі, каб
праваабаронца выйшла з аўтамабіля. Затым ёй перадалі пакет
з рэчамі, і машына зьехала.
Алена сама дабралася дадому, адкуль зьвязалася з дырэктарам «Плятформы»
Андрэем Бандарэнкам.
«Я лічу, што маё затрыманьне зьвязанае зь ціскам на „Плятформу“,
які ўзмацняецца. Вельмі крыўдна, што органы, якія зьдзяйсьнялі маё затрыманьне,
маюць права і магчымасьць парушаць усе мажлівыя законы. Мне цяжка меркаваць,
якой рэакцыі яны чакалі ад мяне, але магу з упэўненасьцю сказаць, што
трохсуткавым утрыманьнем у турме на Акрэсьціна мяне
не напалохалі, не зламалі і я буду і далей працаваць
у „Плятформе“ і рабіць усё, што ў маіх сілах, каб закон
выконваўся і быў адзіны для ўсіх», — заявіла Алена
Красоўская-Касьпяровіч.
Раней «Свабода» паведамляла, што 3 жніўня праваабаронцу павінны былі
завезьці ў суд Партызанскага раёну Менску.
Намесьніцу дырэктара «Плятформы» затрымалі а 16-й гадзіне
31 ліпеня людзі ў цывільным, а потым даставілі
на Акрэсьціна. На яе склалі пратакол, што яна мацюкалася.