Мінаблвыканкам: розныя ўмовы для зборшчыкаў подпісаў -- гэта нармальна
Галоўнае упраўленне ідэалагічнай працы Мінскага абласнога камітэту лічыць абсалютна законным той факт, што на Салігорскай сельскай выбарчай акрузе створаны розныя ўмовы для зборшчыкаў подпісаў.
У канцы ліпеня салігорскі сябра Беларускага Хельсінскага камітэту Уладзімір Шыла выявіў значныя адрозненні ў рашэннях выканаўчых камітэтаў Салігоршчыны і Любаншчыны, датычныя забароненых месцаў для збору подпісаў на тэрыторыі выбарчай акругі №69, у якую ўвахозяць абедзьве вышэйадзначаныя адміністратыўныя адзінкі. Так, у Салігорскім раёне праводзіць пікеты ды збіраць подпісы каля арганізацый, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва, было дазволена, а ў Любанскім забаронена. Зрэшты, скарга актывіста ў Мінаблвыканкам сітуацыю не змяніла.
- Як пабачыў адказ на сваю скаргу за подпісам начальніка ідэалагічнага ўпраўлення Мінаблвыканкаму, дык сутнасць адказу стала зразумелай не чытаючы, - кажа Уладзімір Шыла. - Калі тлумачэнні па выбарчым заканадаўстве замест юрыстаў даюць ідэолагі, дык казаць пра нейкую прававую справядлівасць не выпадае ў прынцыпе.
У сваім ліце галоўны ідэолаг Мінаблвыканкаму Руслан Трухан заявіў, што “мясцовыя выканаўчы і распарадчыя органы самастойна вызначаюць месцы, у якіх забаронена праводзіць пікетаванні з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў”. Адпаведныя рашэнні, па словах Р. Трухана, прымаюцца з улікам спецыфікі таго ці іншага рэгіёна і падставаў для ўнясення зменаў у рашэнне Любанскага райвыканкаму і прывядзення умоваў па збору подісаў на Салігорскай сельскай выбарчай акрузе №69 да адзінай нормы няма.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары»