Уладзімір Яроменак: На Акрэсціна спалі па чарзе
Сёння актывіста «Маладога фронту» вызвалілі пасля 15-ці сутак арышту.
«Гэтым разам я сядзеў у горшых умовах, чым раней. Мяне кінулі ў пустую камеру і некалькі дзён я сядзеў адзін. Спальнік мне не перадалі і вокны не зачыняліся, таму было халодна. Я пісаў шмат скаргаў і потым мяне перавялі ў камеру з нармальнымі вокнамі. Праўда, да таго часу на вуліцы ўжо стала цёпла і зачыняць вокны больш не трэба было», - падзяліўся маладафронтавец.
«Было вельмі шмат асабістых надглядаў. Пасля аднаго з іх я зайшоў у камеру і не знайшоў слоў, як назваць тое, што я ўбачыў. На рушніку ляжала смецце, які пры ператрусе дасталі са скрыні. Зубная шчотка ляжала ва ўнітазе. Такія ператрусы ладзіў капітан Есьмантовіч, на якога і раней былі скаргі ад затрыманых», - адзначыў Уладзімір Яроменак.
"На выходных наша камера была перапоўненая. Сядзела 9 чалавек, а на «сцэне» змяшчалася толькі 5-6. Давялося спаць па чарзе", - распавёў актывіст.
Нагадаем, Уладзіміра Яроменка і Рамана Васільева затрымалі раніцай 17 ліпеня ў Кастрычніцкім раёне Мінска. Іх даставілі ва УУС Кастрычніцкага раёна, дзе на маладафронтаўцаў склалі пратаколы за "дробнае хуліганства". Тады Яроменка прысудзілі да 15, а Васільева да 12 сутак арышту.