Мікалая Дзядка прызналі “схільным да захопу закладнікаў”
Пра гэта паведаміў бацька зняволенага актывіста Аляксандр Дзядок. “І гэта пры тым, што Мікалай ужо два месяцы сам-насам знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу”, – кажа ён.
Аляксандр Дзядок не выключае, што ў дачыненні да яго сына можа быць узбуджана новая крымінальная справа за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі.
- Калі раней гэты артыкул 411 прымяняўся да людзей, якія імкнуліся абараняць свае правы ў калоніях, не згаджаючыся з самавольствам і беззаконнем адміністрацыі, то зараз гэты артыкул пачынаюць распаўсюджваць на палітвязняў. Безумоўна, гэта дазволіць уладам і адміністрацыі калоніі ўтрымліваць палітычных вязняў у калоніях і турмах як мага даўжэй. Бо яны выклікаюць страх ва ўлады, бо яны людзі моцныя, нязломныя. І зараз мы гаворым пра тое, што дадзеная тэндэнцыя і практыка вельмі небяспечная.
Палітвязень Мікалай Дзядок прызнаны адміністрацыяй калоніі “злосным парушальнікам рэжыму”. З чэрвеня па лістапад гэтага года ён мусіць правесці ў памяшканні камернага тыпу. Шэсць месяцаў Мікалай не мае права тэлефанаваць сваім родным, атрымліваць ад іх харчовыя перадачы, а таксама мець спатканні.