Гомель: ад пацыентаў патрабуюць падпісвацца за галоўурача кардыялагічнага дыспансера
Грамадская актывістка Галіна Краўчанка, якая зарэгістравала ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за сваё вылучэнне кандыдатам у дэпутаты па Гомельскай-Прамысловай акрузе, сутыкнулася з выпадкамі парушэння выбарчага заканадаўства з боку патэнцыйнага кандыдата ад улады. Па дадзенай акрузе будзе балатавацца галоўны ўрач абласнога кардыялагічнага дыспансера, дэпутат абласнога савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Ганна Лапаціна.
«Падчас збору подпісаў сябрам маёй ініцыятыўнай групы жыхары акругі распавялі аб тым, якімі метадамі збіраюцца подпісы ў падтрымку Ганны Лапацінай. Адна жанчына, інвалід, распавяла, што калі была на прыёме ў паліклініцы, то ў кабінеце ўрача ад яе патрабавалі, каб яна падпісалася за Ганну Лапаціну, прычым матывавалі гэта тым, што трэба падтрымліваць работнікаў медыцыны, бо яна ў Беларусі бясплатная», - зазначыла Галіна Краўчанка.
У іншым доме зборшчыкам подпісаў за незалежнага кандыдата выбарцы распавялі, што ўжо некалькі дзён па кватэрах ходзяць настаўнікі мясцовых школ, якія таксама збіраюць подпісы за праўладнага кандыдата і скардзяцца, што іх да гэтага прымусілі.
Нагадаем, што збор подпісаў на працоўным месцы, у працоўны час, а таксама прымусовы збор подпісаў забаронены выбарчым заканадаўствам.
Між тым, часта менавіта ўрачы і настаўнікі, прадстаўнікі высакародных па сутнасці прафесій, збіраюць подпісы за праўладных кандыдатаў, прыбягаючы да незаконных метадаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”