Суддзя адмовіла ў зыску супраць Яны Ляснеўскай
У Аршанскім гарадскім судзе сёння разглядалася адміністрацыйная справа актывісткі кампаніі “Наш Дом” Яны Ляснеўскай. Яе затрымалі 12 ліпеня ў Віцебску і звінавацілі ў распаўсюдзе твораў, якія прапагандуюць культ гвалту і жорсткасьці (арт. 17.8 КаАП РБ). Суддзя – Іна Кохава.
Супрацоўнікі міліцыі заявілі, што Яну падазраюць у распаўсюдзе твораў, якія прапагандуюць культ гвалту і жорсткасьці. Такімі матэрыяламі міліцыянты палічылі дзіцячыя размалёўкі «Мой тата міліцыянт. Што ён робіць на працы?»
Адзіная размалёўка была выяўленая ў Яніны дома падчас ператрусу ў пачатку лютага. Тады праваахоўнікі шукалі друкаваныя матэрыялы, якія рассылаліся ў Аршанскі гарадскі і раённы аддзелы міліцыі ад імя кампаніі «Наш Дом».
Падтрымаць дзяўчыну ў судзе прыходзілі мясцовыя праваабаронцы ды актывіст кампаніі «Наш дом» Мікалай Петрушэнка.
Быў абвешчаны перапынак слухання, паколькі Яна Ляснеўcкая запатрабавала адваката з Мінску, з якім у яе заключаная дамова.
Пасля 16 гадзінаў суддзя вынесла рашэнне - адмовіць у зыску, паколькі прайшоў тэрмін даўніны з часу здзяйснення правапарушэння.