9 ліпеня зьліквідаванае Баранавіцкае грамадзкае аб’яднаньне “Агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця “Варута”.
Берасьцейскі абласны суд задаволіў заяву ўпраўленьня юстыцыі аблвыканкаму аб ліквідацыі баранавіцкага грамадзкага аб’яднаньня “Агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця “Варута”.
Справу па ліквідацыі Варуты Берасьцейскі абласны суд распачаў яшчэ ў красавіку гэтага году, аднак, пасьля некалькіх паседжаньняў на просьбу самога ініцыятара яна была прыпыненая на няпэўны час.
У віну агенцтву “Варута” абласным упраўленьнем юстыцыі ставілася парушэньне заканадаўства і статуту арганізацыі паводле пяці пунктаў. У прыватнасьці, згадка ў інфармацыйным бюлетэні пра незарэгістраванае аб’яднаньне, ужываньне незарэгістраванай сымболікі, няправільнае ўжываньне скарочанай назвы. Асноўныя ж прэтэнзіі зводзіліся да таго, што на пячатцы “Варуты” напісана “грамадзкая арганізацыя”, а не “грамадзкае аб’яднаньне”, як павінна быць паводле статуту. Прадстаўнік абласной пракуратуры Людміла Васілевіч пагадзілася менавіта толькі з гэтымі, апошнімі абвінавачваньнямі. На ейную думку, словы “арганізацыя” і “аб’яднаньне” сапраўды маюць юрыдычныя адрозьненьні.
Суд пагадзіўся з думкай пракурора. Згодна з рашэньнем, якое абвесьціў 9 ліпеня судзьдзя Дзьмітрук, “Варута” павінна быць зьліквідаваная за парушэньне заканадаўства.
Cтаршыня Рады агенцтва “Варута” Ігар Тышкевіч рашэньне суду лічыць незаконным і зьбіраецца яго абскарджваць.
Паводле Радыё Свабода