Слуцк: раёнка пра выбары маўчыць, на сайце незалежнай газеты разгараюцца дыскусіі
Раённая газета «Слуцкі край» па-ранейшаму не заўважае парламенцкую кампанію і не інфармуе сваіх чытачоў пра ход збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі чатырох прэтэндэнтаў у кандыдаты.
У нумары выдання за 27 ліпеня апублікаваны пералік участкаў для галасавання, месцы іх знаходжання і межы. Усяго на тэрыторыі Слуцкай выбарчай акругі № 67 створана 56 участкаў.
У той жа час навіны на тэму выбараў, размешчаныя на сайце рэгіянальнай газеты «Інфа-Кур'ер», збіраюць рэкордную колькасць каментароў. У абмеркаванні прымаюць удзел як самі прэтэндэнты ў кандыдаты, так і чытачы.
Случчакоў закранула за жывое выказванне прадпрымальніка Аляксандра Солапа пра тое, што ён ідзе ў дэпутаты не для таго, каб рамантаваць дарогі або ўкручваць лямпачкі ў пад'ездах.
«Дэпутат павінен займацца законатворчасцю, пакуль яго выбаршчыкі сядзяць у цемры і тонуць у лужынах, а ў гэты момант разглядаецца закон не пра ЖКГ?» - іранізуе чытач сайта.
Яшчэ адзін жыхар Слуцку ў словах прэтэндэнта адчуў грэбаванне да народа.
«Рамонт дарог - надзённая праблема. Асабліва трасы Мінск-Слуцк, на ўчастку, дзе сканчаецца бетонка, - піша ён. - Такое адчуванне, што чалавеку статус дэпутата патрэбен для прэстыжу, для рысоўкі перад знаёмымі. Цікава было б паслухаць-пачытаць яго праекты заканатворчасці. Ён сам разумее, у што лезе? Якую карысць прынясе для Слуцка? Праблемы лямпачак-дарог таксама ў кампетэнцыі дэпутатаў, калі яны не вырашаюцца ў рабочым парадку. А засядаць у парламенце, я думаю, кожны зможа».
Сярод чытачоў сайта kurjer.info ёсць і тыя, хто выступае за байкот выбараў.
Вось адно з меркаванняў: «Лукашэнка сказаў, што траціна парламента павінна застацца старой. Ён ужо вырашыў, колькі павінна застацца, колькі пераабрацца, і запэўніваю вас, роўна так і будзе. Змагацца трэба, безумоўна. Байкот і з’яўляецца адным са сродкаў барацьбы. Не прыйшоўшы на выбары, мы не дадзім магчымасці фальсіфікацый: няма яўкі - няма лукавых адсоткаў. Выбару пры гэтым рэжыме няма».
Такім чынам, сайт рэгіянальнага незалежнага выдання стаў форумам, дзе случчакі абменьваюцца думкамі, спрачаюцца і абмяркоўваюць парламенцкую кампанію.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"