Пікеты салідарнасці з Алесем Бяляцкім забараняюць паўсюдна (дадаецца)
Гародня
Гарадзенскі гарвыканкам усё ж адмовіў сваім афіцыйным рашэннем праваабаронцам Віктару Сазонаву і Уладзіміру Хільмановічу ў правядзенні 4 жніўня пікета ў горадзе над Нёманам.
Нагадаем, на першую заяву аб правядзенні пікету чыноўнікі далі незразумелы адказ. Пасля гэтага Сазонаў з Хільмановічам накіравалі ў гарвыканкам яшчэ адзін ліст - з просьбай растлумачыць сітуацыю. Зараз жа чыноўнікі даслалі пісьмовы адказ за подпісам намесніцы старшыні Алены Агей, у якім правядзенне пікету на тэрыторыі Каложскага парку адназначна не дазваляецца.
Фармальнай падставай для адмовы названае незаключэнне дамоваў з адпаведнымі службамі для забеспячэння грамадскага парадку.
Смаргонь
У Смаргоні пікет салідарнасці забаронены па абсурднай прычыне. Старшыня Смаргонскага райвыканкама Мечыслаў Гой не дазволіў пікет, мэтай якога было выказаць пратэст супраць зняволення Алеся Бяляцкага; заклікаць ўсе структуры грамадзянскай супольнасці Беларусі да салідарнасці і падтрымкі правабарончых арганізацыяў і правабаронцаў, грамадзян, у тым ліку і кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта, якія былі незаконна асуджаныя пад час падзеяў 19 снежня 2010 года, а таксама ўсіх, хто сутыкаецца зараз з перасьледам за свае перакананні і палітычныя погляды; патрабаваць вызвалення ўсіх палітычных зняволеных Беларусі.
Пікет мусіў адбыцца 4 жніўня. Прычынай адмовы з’яўляецца той факт, што заяўнік пікету Алесь Дзергачоў указаў ў заяве, што прымае на сябе забеспячэнне грамадскага парадку і бяспекі падчас пікету (наяўнасць нарукаўнай павязкі ў арганізатара, забеспячэнне удзельнікаў нумарамі тэлефонаў Смаргонскага РАУС на выпадак неабходнасці выкліку). Імкненне заяўніка прыняць захады па сувязі з міліцыяй падчас пікету старшыня Смаргонскага райвыканкама палічыў не адпавядаючым пастанове Савета Міністраў ад 5 сакавіка 2012 г. №207, паводле якой функцыя аховы грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў ускладаецца на праваахоўныя органы. Адмова будзе абскарджана ў судовым парадку.
Бабруйск
Бабруйскі грамадскі актывіст Сяржук Лацінскі атрымаў адмову на правядзенне пікета ў падтрымку палітвязняў за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Аляксандра Маркачова.
У афіцыйна паперы гаворыцца, што ў законе “Аб масавых мерапрыемствах” адсутнічае вызначэнне “пікет”, што “не дазваляе дакладна вызначыць, якое масавае мерапрыемства плануецца правесці”.
“Таксама ў заяве не пазначана пэўнае месца, дзе Вы збіраецеся праводзіць масавае мерапрыемства”, - напісаў чыноўнік.
У адказе Маркачова ёсць і папярэджанне аб адказнасці, якая прадугледжана “за парушэнне парадку аранізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў”.
Нагадаем, што Сяржук Лацінскі спецыяльна не ўказаў какрэтнае месца для правядзення пікета, пазначыўшы “месца, вызначанае гарвыканкамам”.
- Зразумела, што гарадскія ўлады баяцца нават самага маленькага шуму, які можа з’явіцца вакол асобы Алеся Бяляцкага, - кажа Сяржук Лацінскі. – Ні адно мясцовае СМІ, акрамя двух незалежных сайтаў, ні разу не ўзгадала пра тое, што выбітны праваабаронца адбывае пакаранне менавіта ў Бабруйскай калоніі. Таксама выклікае здзіўленне, што намеснік старшыні гарвыканкама на сваю карысць трактуе паняткі “пікет” ды “пікетаванне”, нібыта гэта розныя рэчы…
Брэст
Берасцейскія ўлады адказалі адмоваю ў правядзенні пікету 4 жніўня праваабаронцу Уладзіміру Вялічкіну.
У адказе з адмоваю, які падпісаў намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама Вячаслаў Хафізаў, паведамляецца, што 4 жніўня ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, дзе праваабаронца замаўляў пікет, адбудуцца мерапрыемствы, прысвечаныя дню дэсантніка і сіл спецыяльнага прызначэння.
Але, як заўважае Вялічкін, на сайце “Віртуальны Брэст” размешчана афіцыйная інфармацыя, што святкаванне адбудзецца 2 жніўня. Таму праваабаронца лічыць, што яго элементарна нахабна падманулі. Другая прычына адмовы ў правядзенні пікета - адсутнасць дамоваў з адпаведнымі службамі, якія павінны абслугоўваць мерапрыемства. Але, на думку заяўніка, яму не спатрэбяцца ні аўтамабіль да вывазу смецця, ні машына хуткай дапамогі, ні міліцыя, бо ўдзельнікаў заяўленага пікета ўсяго толькі два, прычым законапаслухмяных грамадзяніна.
Віцебск
Мясцовыя актывісты падалі заяўку, каб правесці мерапрыемства 4 жніўня - калі споўніцца год з моманту арышту кіраўніка Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Але з Кастрычніцкай раённай адміністрацыі прыйшла адмова.
Сваё рашэнне пра забарону акцыі намеснік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Віктар Галанаў абгрунтаваў тым, што заяўнікі не заключылі дамоваў на абслугоўванне мерапрыемства з аддзелам унутраных спраў, гарадской цэнтральнай паліклінікай і прадпрыемствам “Віцебская жыльлёва-камунальная гаспадарка”.
Гэта стандартная адмова чыноўніка, якая грунтуецца на рашэнні № 881 “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску”, прынятым гарвыканкамам у 2009 годзе. Аддзелы МУС, паліклініка і хуткая дапамога, а таксама камунальнікі адмаўляюцца заключаць дамовы з апазіцыянерамі, патрабуючы найперш дазволаў ад улады. Таму заяўнікі вымушаныя хадзіць па "зачараваным коле", і з часу прыняцця гарвыканкамам гэтага рашэння мясцовыя ўлады не далі дазволу ні на адну акцыю па замове дэмакратычных актывістаў.
Рашэнне наконт забароны пікету 4 жніўня арганізатары маюць намер абскардзіць у судовым парадку. І гэта не першая спроба звароту ў суд з падобнай нагоды, але там заўжды апраўдваюць дзеянні прадстаўнікоў улады.
Спробы дамагчыся адмены рашэння гарвыканкаму таксама беспаспяховыя: чыноўнікі апялююць да таго, што яно зацверджана ў законным параду і прынята без парушэнняў.