ЦВК аспрэчыла заяву Лукашэнкі аб фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў
“Цэнтрвыбаркам не валодае фактамі фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. Усе вынікі былі падведзеныя на падставе пратаколаў галасаваньня і выказваюць рэальнае волевыяўленьне выбаршчыкаў”, – пракамэнтаваў АФН сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заяву А.Лукашэнкі аб тым, што апошнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі былі сфальсыфікаваныя.
Нагадаем, што ўчора Аляксандр Лукашэнка падчас прэс-канферэнцыі для ўкраінскіх журналістаў заявіў, што прэзыдэнцкія выбары, якія адбыліся ў сакавіку цяперашняга года, былі сфальсыфікаваныя ў карысьць апанэнтаў.
“Падчас гэтых выбараў за мяне прагаласавала 93,5%. Але, мы зрабілі 86%. Нам сказалі, гэта не эўрапейскі працэнт”, – сказаў А.Лукашэнка. “Еўропа сказала нам, што гэта не эўрапейскі працэнт. Вось зробіце эўрапейскі працэнт, і мы прызнаем Вашыя выбары”, – растлумачыў Лукашэнка. Вось таму, па яго словах, і прыйшлося змяняць працэнт тых, хто галасаваў, каб панізіць працэнт да “эўрапейскага ўзроўню”. “Але калі зараз пералічыць усе бюлетэні”, – пачаў было Лукашэнка, але, здаецца, зразумеў, што пачынае перахіляць, і пасьля паўзы скончыў тэму фразай “Я наогул ня ведаю, што рабіць з гэтымі бюлетэнямі”.
Па афіцыйных дадзеных ЦВК Беларусі за Лукашэнка прагаласавала 83%.