Аляксандра Малчанава перавялі ў калёнію пад Барысавам
Былога палітвязьня Аляксандра Малчанава зьмясьцілі ў калёнію № 14, што ў пасёлку Навасады ў Барысаўскім раёне.
«Пакуль Аляксандар
у карантыне. Зьвестак ад яго няшмат, але пасьля карантыну сувязь
зь ім адновіцца і можна будзе яму дасылаць лісты», —
паведаміла «Свабодзе» актывістка грамадзкай ініцыятывы Тацяна Кім, якая
апякуецца палітвязьнямі.
9 красавіка 2012 году Аляксандар Малчанаў быў асуджаны на паўтара
года калёніі ўзмоцненага рэжыму за крадзеж мэталалому з тэрыторыі
заводу. У судзе Малчанаў паведаміў, што зарабляў продажам мэталалому
на жыцьцё, бо яго нікуды ня бралі на працу, калі
даведваліся, што раней ён быў асуджаны за ўдзел у падзеях
19 сьнежня 2010 году.
У 2011 годзе за Плошчу Аляксандар Малчанаў быў асуджаны
на 3 гады зьняволеньня, на пачатку восені Аляксандар Лукашэнка
яго памілаваў. Раней Аляксандар Малчанаў быў актывістам моладзевага аб’яднаньня
«Зубр».
У чэрвені ў Барысаве памерла маці вязьня Галіна Малчанава.