Палітвязні ў турмах у адным кроку ад новых прысудаў
У арсенале тых, каму давераны лёсы асуджаных, ёсць дастаткова метадаў, якія выглядаюць законна, для таго, каб ператварыць асуджэнне нават у пажыццёвае. Да такой несуцяшальнай высновы прыходзіць юрыст-праваабаронца Павел Сапелка, аналізуючы змест артыкула 411 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - "Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі".
Пра канкрэтныя прыклады прымянення гэтага крымінальнага артыкула Павел Сапелка даведваецца з лістоў зняволеных, якія прыходзяць у Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў рамках маніторынгу пенітэнцыярнай сістэмы.
"Злоснае непадпарадкаванне законным
патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў
выглядзе пазбаўлення волі, альбо іншае процідзеянне адміністрацыі ў
ажыццяўленні яе функцый асобай, якая адбывае пакаранне ў папраўчай установе, што
выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, калі гэта асоба за парушэнне
рэжыму адбывання пакарання падвяргалася на працягу года дысцыплінарнаму
спагнанню ў выглядзе пераводу ў памяшканне камернага тыпу, спецыялізаваную
палату, адзіночную камеру ці пераводзілася ў турму (злоснае непадпарадкаванне
патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў
выглядзе пазбаўлення волі), - караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін да аднаго
года.
Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням
адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе
пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае
злачынства або якая дапусцілі асабліва небяспечны рэцыдыў, - караецца
пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў".
Такім чынам сфармуляваны артыкул 411 КК РБ, аналагаў якога няма нават у крымінальным законе Расійскай Федэрацыі, з якой Беларусь мае намер уніфікаваць заканадаўства і дзеліць першыя месцы па колькасці зняволеных на душу насельніцтва. Тым часам як крымінальныя кодэксы дзяржаў, якія абралі дэмакратычны шлях развіцця, прадугледжваюць пакаранне толькі за дзеянні, дэзарганізуючыя працу папраўчай установы, што выявіліся ў тэрарызаванні асуджаных, нападзе на прадстаўніка адміністрацыі папраўчай установы, альбо ў стварэнні арганізаванай злачыннай групы з мэтай тэрарызавання асуджаных або нападу на прадстаўнікоў адміністрацыі папраўчай установы.
У Беларусі па артыкуле 411 КК асуджаюцца, у асноўным, зняволеныя, якія не гатовыя ў сілу сваіх перакананняў і пачуцця асабістай годнасці выконваць распараджэнні адміністрацыі папраўчай установы, накіраваныя на прыніжэнне пазбаўленага волі і паніжэнне яго статусу. Многія з іх не прызналі віны ў здзяйсненні злачынства і лічаць сваё зняволенне незаконным. Да іх ліку, напрыклад, сябе адносіць 24-гадовы Дзмітрый С.: "быў асуджаны ў 2004 годзе да 5 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі. Тройчы быў асуджаны па артыкуле 411, у выніку частковага складання пакаранняў канчаткова вызначана да адбыцця 10 гадоў 7 месяцаў".
Раскрываючы праблему, Павел Сапелка паказвае на наступны немалаважны аспект: патрабуючы няўхільнага захавання рэжыму, адміністрацыі месцаў пазбаўлення волі паўсюдна не выконваюць па тых ці іншых прычынах свае абавязкі ў адносінах да зняволеных, а нярэдка і наўмысна парушаюць іх правы. "Суды не заўсёды ўлічваюць, што ў адпаведнасці з законам здзяйсненне новага злачынства з'яўляецца акалічнасцю, якая абцяжарвае адказнасць. У той жа самы час па многіх справах не бяруцца пад увагу негатыўнае ўздзеянне асяроддзя, няправільныя паводзіны прадстаўнікоў адміністрацыі і іншыя абставіны, якія ў сукупнасці нярэдка прыводзяць да здзяйснення асуджанымі новых правапарушэнняў. Судовыя паседжанні, як правіла, праводзяцца ў калоніях, цяжкадаступных для грамадзянаў. Тым самым парушаецца прынцып галоснасці судаводства, а негатыўныя з'явы ў гэтых установах застаюцца па-за кантролем грамадскасці. Выкрываючы канкрэтныя факты злоўжыванняў, бяздзейнасці адміністрацыі ППУ, дрэннай арганізацыі працы і бытавой неўладкаванасці асуджаных, суды рэдка рэагуюць на гэта прыватнымі азначэннямі ў адрас кіраўнікоў вышэйшых органаў унутраных спраў, пракурораў і наглядальных камісіяў для прыняцця належных мер", - прыводзячы дадзеную заўвагу Пленума Вярхоўнага Суда СССР 1989 года, юрыст адзначае, што становішча ў калоніях з тых часоў змянілася нязначна, а вось ўвага да праблемы, падобна, зменшылася. Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь дадзенай праблемай, на жаль, не займаўся. А разабрацца і растлумачыць, якія менавіта дзеянні зняволенага крыміналізаваныя, на думку юрыста, варта было б. І далей ён тлумачыць, чаму. Дыспазіцыя артыкула 411 КК такая, што дапускае нявызначанае тлумачэнне тэрмінаў. Калі з дысцыплінарнай прэюдыцыяй усё больш-менш зразумела, то нявызначаная фармулёўка "іншае процідзеянне адміністрацыі ў ажыццяўленні яе функцый" пакідае магчымасці для любога роду адвольнага пашыральнага тлумачэння гэтай нормы. Тэрмін "злоснае непадпарадкаванне" таксама адсутнічае ў нарматыўных актах, якія вызначаюць правы і абавязкі зняволеных. Усё гэта пакідае прастору для выбарнага падыходу адміністрацыі месцаў пазбаўлення волі пры прыняцці рашэння аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці зняволенага, які фармальна падпадае пад дзеянне артыкула 411 КК. Таму заканадаўцу варта ўдакладніць, пры якіх абставінах дзеянні асуджаных падпадаюць пад крымінальны пераслед, а калі цягнуць толькі прымяненне мераў дысцыплінарнага характару. Пры гэтым Павел Сапелка прыводзіць прыклады, якія паказваюць, да чаго прыводзіць адсутнасць неабходных удакладненняў.
"Асуджаны Уладзімір Незгавораў па прыбыцці ў ПК-1 за адмову ад працаў па добраўпарадкаванні папраўчай установы быў змешчаны ў памяшканне камернага тыпу. Падчас прагулкі кантралёр калоніі прапанаваў узяць венік і прыбраць прагулачны дворык. Па сцвярджэнні Уладзіміра Незгаворава, дворык быў ідэальна чысты і прыбіраць там не было чаго. У адказ на ўказаны аргумент кантралёр растлумачыў, што прыбіраць нічога, уласна, і не трэба, трэба проста ўзяць венік і пахадзіць з ім па дворыку. Па сутнасці, за адмову выконваць гэтыя абсурдныя патрабаванні Незгавораў па артыкуле 411 КК быў прысуджаны да аднаго году пазбаўлення волі. Пасля па гэтым жа артыкуле ён быў прысуджаны яшчэ да двух гадоў пазбаўлення волі".
"Дзмітрый К., адбываючы пакаранне, быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 411 КК. Пасля адмовіўся выканаць патрабаванне начальніка атрада пра ўборку памяшкання, размаўляў пасля адбою, дапускаў іншыя дробныя парушэнні, за кожнае з гэтых парушэнняў нёс дысцыплінарную адказнасць, а пасля быў асуджаны яшчэ на два гады пазбаўлення волі па артыкуле 411 КК. Замест прызначаных судом трох з паловай гадоў пазбаўлення волі адбыў сем".
Звяртаючыся да Пастановы Пленума Вярхоўнага Суда СССР ад 21 чэрвеня 1985 года N 10 "Аб судовай практыцы па справах аб крымінальнай адказнасці за дзеянні, якія дэзарганізуюць працу папраўча-працоўных установаў", юрыст паказвае на дарэчнасць выкладзенай у дакуменце заўвагі: "Суды не павінны дапускаць выпадкаў асуджэння ... за дзеянні, якія ўтвараюць склад злоснага непадпарадкавання адміністрацыі папраўча-працоўнай установы або іншага злачынства, а таксама за малазначныя дзеянні, якія толькі фармальна трапляюць пад прыкметы злачынства, а па сутнасці ўяўляюць сабой парушэнне патрабаванняў рэжыму, якое караецца толькі ў дысцыплінарным парадку".
Лагічным працягам сумнай практыкі прымянення артыкула 411 КК Павел Сапелка называе ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да палітвязня Змітра Дашкевіча. Моладзеваму лідэру заставалася менш за паўгода да вызвалення, і прыцягнуць яго да адказнасці па адпрацаванай гадамі схеме падаўлення пратэстных паводзін зняволеных, відавочна, аказалася значна прасцей, чым учыняць яму яшчэ адну правакацыю пасля выхаду. Ды і суд, які пройдзе, напэўна, у сценах калоніі, прасцей зрабіць закрытым для грамадскага кантролю.
У адным кроку ад падобных праблемаў тыя палітвязні, якія адбываюць пакаранне ў турмах. Яны ўжо прайшлі большую частку шляху да верагоднага новага прысуду, заключае юрыст.