viasna on patreon

Пратэстуюць рабочыя "Гродна Азот"

2012 2012-07-23T16:02:31+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/3981.jpg
ААТ "Гродна Азот"

ААТ "Гродна Азот"

Адміністрацыя ААТ «Гродна Азот» папярэдзіла рабочых аб пазбаўленні ільгот і даплат за шкодныя ўмовы працы. Нязгодным з новымі правіламі пагражае звальненне.

Каля 200 супрацоўнікаў цэха аміяк-3 не падпісалі афіцыйнае папярэджанне аб змене ва ўмовах працы і настаялі на скліканні незалежнай камісіі для атэстацыі працоўных месцаў. Каля 900 чалавек атрымалі папярэджанне з аддзела кадраў, падпісанае начальнікам аддзела Ларысай Сыраваткінай. У выпадку адмовы падпісаць дакумент іх могуць звольніць.

У дакуменце сказана, што з 1 жніўня 2012 г. змяняюцца істотныя ўмовы працы паводле вынікаў праведзенай атэстацыі працоўнага месца. У прыватнасці, работнікі пазбаўляюцца дадатковага 7-дзённага водпуску за работу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы і даплаты ў памеры 852,74 рублёў за гадзіну працы. Таксама людзей папярэдзілі аб пазбаўленні даплаты за характар і спецыфіку працы ў памеры 1035,47 рублёў за гадзіну працы.

Таксама аддзел кадраў ставіць у вядомасць азотаўцаў, што ў выпадку адмовы працягнуць працу на новых умовах "ў наймальніка ўзнікае права спынення кантракту па п. 5 арт. 35 Працоўнага кодэкса РБ з выплатай выхадной дапамогі ў памеры двухтыднёвага сярэдняга заробку". "Згоды прафсаюза, роўна як і прыняцця мер па Вашым працаўладкаванню, пры звальненні па гэтай падставе не патрабуецца", - сказана ў дакуменце-папярэджанні.

- Я працую ў цэху аміяк-3 17 гадоў, - распавядае Уладзімір, які просіць не называць у прэсе яго імя і прозвішча. - Атэстацыя умоў працы прайшла толькі на паперы. У нас не мяняліся ў лепшы бок такія шкодныя фактары, як канцэнтрацыя шкодных рэчываў у паветры, вібрацыя, шум, выпраменьванне, фізіялагічны дыскамфорт, напружанасць працы і іншыя. Кіраўніцтва прадпрыемства прытрымліваецца такой схемы: не хочаце працаваць на нашых умовах - звальняйцеся. Але хто прыйдзе на такое прадпрыемства, без вопыту работы, вы ўяўляеце, што будзе? Што адбудзецца з горадам, калі ў наш буйнатанажных цэх, дзе знаходзяцца велізарныя аб'ёмы аміяку пад ціскам, прыйдуць непадрыхтаваныя людзі?

Адзначым, што пратэст працоўных "Гродна Азота" - гэта не першы выпадак канфлікту на беларускіх прадпрыемствах у апошні час.

13 Ліпеня спыніліся некаторыя цэха на заводзе "Гроднажылбуд". Людзі адмовіліся працаваць, патрабуючы павысіць аклады. 18 ліпеня распаўсюдзілася інфармацыя аб тым, што рабочыя аднаго з прадпрыемстваў холдынгу "Пінскдрэў" сабраліся на стыхійны мітынг і вырашылі выйсці з дзяржаўнага прафсаюза. Паведамлялася, што прычынай канфлікту, як і ў астатніх выпадках, стала нізкая зарплата. Кіраўніцтва завода інфармацыю пра пратэст працоўных не пацвердзіла.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства