Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання №4 - 9-22 ліпеня
ВЫБАРЫ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ
НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ ПЯТАГА СКЛІКАННЯ
Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання №4 - 9-22 ліпеня
Агульныя высновы
Актыўнасць у стварэнні ініцыятыўных груп па зборы подпісаў дзеля вылучэння кандыдатаў у дэпутаты неістотна адрозніваецца ад звычайнай для парламенцкіх выбараў у Беларусі: усяго на рэгістрацыю пададзена 439 ініцыятыўных груп. Разгляд заяў яшчэ працягваецца, але падобна, што адсотак адмоў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп не будзе вялікім. Асноўная прычына адмовы – падача заяў не той асобай, што збіраецца вылучацца ў дэпутаты, мае прынцыповае значэнне для ацэнкі адмоў у рэгістрацыі груп па вылучэнні экс-кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча (знаходзіцца ў вязніцы) і Алеся Міхалевіча (знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі).
Рашэннямі мясцовых органаў улады вызначаны месцы, забароненыя для збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты. У шэрагу выпадкаў гэтыя месцы ахопліваюць найбольш ажыўленыя і папулярныя тэрыторыі гарадоў.
Не была задаволена ніводная з дзесяткаў скарг, пададзеных Аб’яднанай грамадзянскай партыяй і Партыяй БНФ у суды Мінска і абласцей на адмову ва ўключэнні ў склад акруговых выбарчых камісій прадстаўнікоў гэтых партый, склад камісій застаўся нязменным, апазіцыя мае толькі 3% ў складзе камісій.
Назіральнікамі зафіксаваны значны ўдзел органаў выканаўчай улады ў працы акруговых выбарчых камісій, а таксама іншыя выпадкі выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу на карысць праўладных прэтэндэнтаў у кандыдаты, у тым ліку праз спрыянне агітацыі.
Беларусь наведала ацэначная місія БДІПЧ АБСЕ, якая мусіць вызначыць масштаб назіральніцкай місіі, якая будзе накіравана БДІПЧ на парламенцкія выбары ў Беларусі. Напярэдадні старшыня Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына наведала нараду па пытаннях арганізацыі выбараў у Вене, што была арганізаваная АБСЕ.
Захоўваецца дынаміка пераследу і рэпрэсій супраць апанентаў улады, што не спрыяе атмасферы адкрытасьці падчас выбараў. У прыватнасці, зноў зафіксаваны некалькі выпадкаў прэвентыўных адміністрацыйных арыштаў паводле хлуслівых абвінавачанняў у дробным хуліганстве. КДБ затрымала шэраг асобаў у сувязі з пранікненнем у паветраную прастору Беларусі швецкага самалёта, з якога былі раскіданы лялькі з цыдулкамі на карысьць свабоды слова і дэмакратыі ў Беларусі.
Рэгістрацыя ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты
З 15 ліпеня распачаўся этап вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, які працягнецца да 13 жніўня. Вылучэнне магчыма трыма шляхамі – рашэннем вышэйшых органаў палітычных партый, рашэннем сходаў працоўных калектываў, выбаршчыкамі шляхам збору подпісаў праз ініцыятыўныя групы. Пры гэтым апазіцыйныя партыі, што прынялі рашэнне вылучаць кандыдатаў (АГП, Партыя БНФ, Партыя левых “Справядлівы свет”, БСДП (Г), Партыя “Зялёныя”), будуць выкарыстоўваць першы шлях. Праўладныя кандыдаты звычайна выкарыстоўваюць вылучэнне ад працоўных калектываў.
Трэці шлях вылучэння, шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў, выкарыстоўваецца як апазіцыйнымі, так і праўладнымі кандыдатамі у якасці сваеасаблівай формы датэрміновай папулярызацыі асобы кандыдата: подпісы звычайна збіраюцца ў вулічных пікетах, шляхам абыходу кватэр, а ў выпадку праўладных кандыдатаў – таксама і шляхам збору подпісаў супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў.
Падача заяў у акруговыя камісіі аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп (у складзе не меньш за 10 чалавек) ажыццяўлялася ў перыяд з 15 па 19 ліпеня. Рашэнне па заяве прымаецца адпаведнай акруговай камісіяй на працягу пяці дзён. На момант складання гэтай справаздачы вядомыя вынікі разгляду яшчэ не ўсіх заяў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. Аднак ужо вядома пра выпадкі адмоў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп.
Зафіксаваны адмовы ў рэгістрацыі тых ініцыятыўных груп, заявы на рэгістрацыю якіх былі пададзены не асабіста тымі людзьмі, у падтрымку вылучэння якіх стваралася ініцыятыўная група. У гэтыым яскрава праявілася непаслядоўнасць тлумачэння заканадаўства выбарчымі камісіямі, паколькі на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах Цэнтральная камсія прызнала законнай падачу дакументаў на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Лукашэнкам не асабіста, а праз прадстаўніка. Цяпер жа аналагічная тактыка стала прычынай адмовы рэгістрацыі ініцыятыўных груп сябра АГП Вікторыі Грынюк (Івацэвіцкая выбарчая акруга №11), Івана Амельчанкі (Каліноўская выбарчая акруга №108), падтрыманага кампаніяй “Гавары праўду”, сябра Партыі БНФ Валерыя Каранкевіча (Крычаўская выбарчая акруга №83), аднак апошні паспеў паўторна падаць дакументы і ўрэшце быў зарэгістраваны. Прадказальна было адмоўлена ў рэгістрацыі некалькіх ініцыятыўных груп у розных акругах у падтрымку вылучэння экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, які знаходзіцца за кратамі. Ва ўсіх акругах Мінска былі пададзены заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп былога кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча, які атрымаў палітычны прытулак за мяжой.
Усяго на 110 агругах было пададзена 439 заяў, што складае прыкладна чатыры ініцыятыўныя групы на кожную акругу. Але геаграфічнае размеркаваанне актыўнасьці не было раўнамерным. Найбольшая колькасць заяў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп пададзена ў Мінску: на 20 выбарчых акруг - 142 заявы (у сярэднім 7,1 заявы на акругу). У Магілёўскай вобласці на 13 акруг пададзены 64 заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп (4,9), у Віцебскай вобласці на 14 акруг - 52 заявы (3,7), у Брэсцкай вобласці на 16 акруг - 48 заяў (3), у Гродзенскай вобласці на 13 акруг -- 38 заяў (2,9), у Мінскай вобласці на 17 акруг - 48 заяў (2,8), у Гомельскай вобласці на 17 акруг - 47 заяў (2,8).
Пры гэтым актыўнасць ініцыятыўных груп у параўнанні са звычайнай для парламенцкіх выбараў колькасцю знізілася неістотна: у 2008 годзе было пададзена на рэгістрацыію 455 заяў ад ініцыятыўных груп, у 2000 годзе – 475 заяў. На выбарах 2004 года паказчык быў большы – тады спрабавалі зарэгістравацца 634 ініцыятыўныя групы, але многія сутыкнуліся з адмовамі ў рэгістрацыі.
З палітычных сіл, якія прымаюць удзел у выбарах, пра рэгістрацыю ініцыятыўных груп у падтрымку сваіх вылучэнцаў заявілі Грамадзянская кампанія “Гавары Праўду” (27 ініцыятыўных груп, але лідэры кампаніі не балатуюцца), Партыя левых “Справядлівы свет” (28 ініцыятыўных груп), Партыя БНФ (12 ініцыятыўных груп, у тым ліку старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча), АГП (7 ініцыятыўных груп, у тым ліку ганаровага старшыні АГП Станіслава Багданкевіча), БСДП(Г) (каля 9 ініцыятыўных груп). Таксама пададзеная заява на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў падтрымку вылучэння кандыдатам старшыні грамадскага аб’яднання “Рух за Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча.
Ініцыятыўныя групы, якія сутыкнуліся з адмовамі ў рэгістрацыі, маюць магчымасць абскарджання адмовы ў Цэнтральную камісію а пасля – у Вярхоўны суд. Зарэгітсраваныя ініцыятыўныя групы павінны сабраць не меньш чым 1000 подпісаў жыхароў выбарчай акругі і перадаць іх разам з інішымі дакументамі па вылучэнні ў адпаведную акруговую выбарчую камісію не пазней чым 13 жніўня.
Шляхам вылучэння праз сходы працоўных калектываў карыстаюцца кандыдаты, якія падтрымліваюць дзеючы рэжым. 19 ліпеня ў Барысаве на прыборабудаўнічым заводзе адбыўся сход калектыву, на якім адзінагалосна было прынята рашэнне аб вылучэнні кандыдатам у дэпутаты дзеючага дэпутата Віктара Гумінскага.
Месцы, забароненыя для збору подпісаў
У перыяд маніторынгу адпаведныя выканаўчыя камітэты вызначылі на тэрыторыі сваіх адміністрацыйных адзінак месцы, забароненыя для збору подпісаў сябрамі ініцыятыўных груп. Як і падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў, абмежаванні закранулі значныя тэрыторыі ў ажыўленых кропках буйных гарадоў, асабліва – Мінску.
Згодна з рашэннем Мінгравыкнкама ад 5 ліпеня 2012 г., збор подпісаў забаронены на асноўных плошчах горада (Кастрычніцкая, Перамогі, Незалежнасці, Прывакзальная), а таксама на адлегласці не меньш 50 метраў ад будынкаў органаў дзяржаўнага кіравання, дашкольных і школьных аб’ектаў, прадпрыемстваў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць дзяржавы (грамадскі транспарт, аб’екты водазабеспячання і г.д.). Дазволена збіраць подпісы ў пешаходных пераходах метрапалітэна. Пікеты праводзяцца з 8 да 22 гадзін.
Варта адзначыць, што, вызначаючы забароненыя для збору подпісаў тэрыторыі, мясцовыя органы ўлады не кіраваліся прынцыпам аднастайнасці, часам розны парадак выкарыстоўваецца ў межах адной акругі, якая ўключае ў сябе розныя тэрытарыяльныя адзінкі. Напрыклад, тэрыторыя Любанскага раёна на гэтых выбарах уваходзіць у склад Салігорскай сельскай выбарчай акругі №69. Паводле рашэння Любанскага выканкаму, забаронена правядзенне пікетаванняў з мэтай збору подпісаў на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, суда, пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла- і энергазберажэння, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, агульнаадукацыйныя ўстановы). Пры гэтым на тэрыторыі Салігорскага раёна, частка якога таксама ўваходзіць у Салігорскую сельскую выбарчую акругу №69, пікеты па зборы подпісаў каля арганізацый, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва, не з’яўляюцца забароненымі.
У рашэннях па вызначэнні месцаў, забароненых для збору подпісаў, мясцовыя выканкамы выкарыстоўваюць вельмі неканкрэтныя фармулёўкі, якія даюць магчымасць надзвычай шырокага трактавання і маніпуляцый: «іншыя месцы, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва», «іншыя месцы, дзе функцыянаванне пікетаў будзе перашкаджаць дзейнасці прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў», «арганізацыі, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва» і інш. Назіральнікі выказваюць перасцярогу, што іх ужыванне на практыцы можа выклікаць сур’ёзныя спрэчкі і не выключаюць абмежавальных трактовак і перашкод для збору подпісаў.
У некаторых выпадках незадаволеныя абмежаваннямі актывісты абскарджвалі рашэнні выканкамаў аб вызначэнні забароненых для збору подпісаў месцах. Так, прадстаўнік Партыі БНФ Віталь Амяльковіч звярнуўся у суд з патрабаваннем прызнаць рашэнне Слуцкага райвыканкама ад 6 ліпеня 2012 года № 2090 несапраўдным і абавязаць выканаўчую ўладу прыняць новае рашэнне дзеля забеспячэння выбарчых правоў жыхароў Слуцка і Слуцкага раёна. Падобная скарга была пададзеная і ў Брэсце, дзе прастора для магчымага збору подпісаў значна паменьшылася ў параўнанні з мінулымі выбарамі. У горадзе Слоніме Гарадзенскай вобласці выканкам адмяніў сваё рашэнне пра забароненыя для збору подпісаў месцы, прыняўшы новае праз тыдзень. Больш ліберальнае ў параўнанні з выбарамі 2010 г. рашэнне аб вызначэнні месцаў, забароненых для пікетавання, прынята Баранавіцкім гарвыканкамам.
Згодна з паведамленнямі назіральнікаў, некаторыя ініцыятыўныя групы ўжо прыступілі да збору подпісаў, у тым ліку шляхам выстаўлення пікетаў на вуліцах гарадоў і шляхам абыходу кватэр. Але пакуль гэты збор подпісаў не вельмі актыўны.
У Мінску 18 ліпеня адбылася вулічная акцыя прыхільнікаў байкоту выбараў з удзелам некалькіх чалавек.
Вынікі абскарджання рашэнняў па фармаванні акруговых выбарчых камісій
У адпаведнасці з артыкулам 35 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, палітычныя партыі рашэннем сваіх вышэйшых органаў з ліку сваіх членаў могуць вылучаць у акруговыя камісіі па адным прадстаўніку. Гэтым правам скарысталіся некалькі палітычных партый, прычым асноўную актыўнасць праявілі Партыя левых “Справядлівы свет” (88 вылучэнцаў), Партыя БНФ (57 вылучэнцаў) і АГП (42 вылучэнцы). Паколькі большай частцы вылучаных гэтымі партыямі прадстаўнікоў было адмоўлена ва ўключэнні ў склад акруговых выбарчых камісій, АГП і Партыя БНФ падалі скаргі ў Мінскі гарадскі і абласныя суды на сумесныя рашэнні прэзідыума адпаведнага мясцовага Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта аб стварэнні акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Паводле артыкула 34 Выбарчага кодэкса, скаргі на рашэнні аб фармаванні выбарчых камісій павінны быць падпісаны кіраўніком партыі, што вылучыла свайго прадстаўніка ў камісію. На падставе гэтай нормы Гродзенскім абласным судом было адмоўлена ва ўзбуджэнні справы па 9-ці скаргах Партыі БНФ і 5-ці скаргах АГП, паколькі скаргі былі падпісаны асобамі, якія не маюць паўнамоцтваў на гэта дзеянне - адпаведна, сябрам Сойму Партыі БНФ на падставе рашэння Сойму Партыі БНФ і намеснікам старшыні АГП.
Мінскім гарадскім і Мінскім абласным судамі былі разгледжаны скаргі Партыі БНФ і прынята рашэнне аб адмове ў іх задавальненні, паколькі “прынятыя рашэнні аб стварэнні акруговых выбарчых камісій не парушаюць правы партыі, а пры іх прыняцці не было парушана выбарчае заканадаўства”. Прынятыя рашэнні адлюстроўваюць недахопы Выбарчага кодэкса, які не ўсталяваў вызначаных крытэрыяў адбору членаў акруговых выбарчых камісій і рэгламенту прыняцця рашэнняў па асобных кандыдатурах.
Партыя БНФ атрымала адмовы ў задавальненні альбо адмовы ў разглядзе ўсіх 30 скарг, якія датычыліся неўключэння сяброў партыі ў акруговыя камісіі (9 − у Магілёўскі абласны суд, 7 − у Мінскі гарадскі суд, 5 – у Мінскі абласны суд і 9 − у Гарадзенскі абласны суд). Таксама не была задаволена ніводная са скарг, пададзеных АГП. Такім чынам, судовае абскарджанне рашэнняў па фармаванні акруговых камісій не прывяло да павелічэння колькасці прадстаўнікоў апазіцыі ў складзе камісій: іх засталося 50 чалавек, што складае 3% ад агульнага корпусу сяброў акруговых камісій.
Удзел органаў выканаўчай улады ў працы выбарчых камісій, выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу
Паводле паведамленняў назіральнікаў, прадстаўнікі мясцовых органаў выканаўчай улады прымалі актыўны ўдзел у пачатку працы акруговых выбарчых камісій. Зафіксаваны выпадкі, калі яны не толькі адчынялі пасяджэнні камісій, але і ўносілі прапановы па разгляду пытанняў камсіямі і нават прымалі ўдзел у галасаванні. Такім чынам выканаўчая ўлада распачала выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу, што з разгортваннем кампаніі ўсё болей праяўляецца і ідзе на карысьць кандыдатаў, што падтрымліваюць уладу.
У Лагойскім і Смалявіцкіх раёнах акруговая выбарчая камісія №75 зарэгістравала ініцыятыўную групу Лебедка Ягора (дзеючы дэпутат Смалявіцкага Савета дэпутатаў), 13 ліпеня 2012 г., выдаўшы яе кіраўніку пасведчанне №1, што парушае Выбарчы кодэкс (група зарэгістравана яшчэ да пачатку вылучэння кандыдатаў 15 ліпеня).
Назіральнікі па-ранейшаму фіксуюць з’яўленне ў рэгіянальных і нацыянальных дзяржаўных СМІ артыкулаў, якія паказваюць дзейнасць апазіцыі ў негатыўным святле і фактычна агітуюць за патэнцыйных праўладных прэтэндэнтаў у кандыдаты. Назіральнікі таксама падаюць звесткі пра непрадастаўленне акруговымі выбарчымі камісіямі інфармацыі.
Міжнароднае назіранне і візіт кіраўніка Цэнтральнай камісіі ў АБСЕ
Старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына прыняла ўдзел у нарадзе АБСЕ на тэму "Дэмакратычныя выбары і назіранне за іх правядзеннем", якая адбылася 12-13 ліпеня ў г.Вене. У ходзе нарады Л.Ярмошына выступіла з кароткім паведамленнем, у якім ўнесла прапанову прадугледзець у дакументах, якія рэгулююць пытанні працы місій назіральнікаў, механізм абскарджання ацэнак, што даюцца місіямі.
16-18 ліпеня ў Беларусі знаходзілася ацэначная місія БДІПЧ АБСЕ, адбылася сустрэча экспертаў місіі са старшынёй ЦВК Л. Ярмошынай, прадстаўнікамі апазіцыных і праўладных партый, парламентарамі. Таксама 18 ліпеня ацэначная місія БДІПЧ АБСЕ сустрэлася з прадстаўнікамі грамадскай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, старшынёй РГА БХК Алегам Гулаком і намеснікам старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцінам Стэфановічам.
На падставе высноў ацэначнай місіі БДІПЧ мусіць прыняць рашэнне аб колькасці назіральнікаў.
Палітычны пераслед і рэпрэсіі
Працягваецца тактыка кропкавых рэпрэсій супраць актывістаў грамадзянскай супольнасці. Пры гэтым у роўнай ступені рэпрэсіі ўжываюцца і ў дачыненні да сяброў тых партый, што прымаюць удзел у выбарах, і ў дачыненні да прыхільнікаў тактыкі байкоту выбараў. Аказваецца ціск на назіральнікаў і сяброў іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці.
17 ліпеня, напярэдадні візіту ў Мінск прэм’ер-міністра Расіі Мядзведзева быў затрыманы і асуджаны да 12 сутак арышту Іван Амельчанка, які збіраўся ў гэты дзень падаць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні сваёй кандыдатуры на выбары (гэта ўжо чацьвёрты адміністрацыйны арышт актывіста за апошнія месяцы). Кіраўнік ініцыятыўнай групы спадара Амельчанкі вырашыў адправіць дакументы поштай, аднак рэгістраваць ініцыятыўную групу акруговая камісія адмовілася акурат таму, што яны былі дастаўлены не асабіста.
18 ліпеня ў Мінску супрацоўнікі міліцыі затрымалі каардынатарку беларускай антыядзернай кампаніі Таццяну Новікаву, фізіка-ядзершчыка з Расіі Андрэя Ажароўскага, каардынатара Цэнтра прававой трансфармацыі Міхаіла Мацкевіча (гэтыя тры асобы былі асуджаны да адміністрацыйных арыштаў) ды старшыню грамадскага аб’яднання “Экадом” Ірыну Сухій (асуджана да адміністрацыйнага штрафу). Па аналагічным хлуслівым абвінавачанні на падставе ілжэсведчанняў міліцыянераў былі асуджаны да адміністрацыйных арыштаў сябры “Маладога Фронту” Уладзімір Яроменка і Раман Васільеў.
КДБ затрымала журналіста Антона Сурапіна, які на сваім сайце першым размясціў фотаздымкі лялечных мядзьведзяў з цыдулкамі пра свабоду слова, што былі распаўсюджаны на тэрыторыі гарадоў Івянца і Мінска швецкімі актывістамі, якія нелегальна праніклі на малым самалёце на тэрыторыю Беларусі. У сувязі з гэтый справай таксама была затрымана 16-цігадовая Кацярына Скурат з Івянца і Сяргей Башарымаў з Мінска. У кватэрах гэтых асобаў адбыліся вобыскі.
Сябра Партыі БНФ са Слуцку Віталь Амяльковіч быў затрыманы супрацоўнікам міліцыі ля ўласнага дома апоўначы 14 ліпеня і абвінавачаны ў расклейванні налепак, суд прызначаны на 27 ліпеня. Салігорскі сябра Партыі БНФ і назіральнік на парламенцкіх выбарах Павел Батуеў паведаміў, што на яго былую працу прыходзілі супрацоўнікі міліцыі і цікавіліся месцам знаходжання актывіста.
17 ліпеня на кватэру да рэдактара рэгіянальнага аршанскага сайту orsha.eu, сябра Партыі БНФ Ігара Казмерчака прыйшлі супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з распаўсюдам наркотыкаў, парнаграфіі і гандлем людзьмі. У выніку агляду кватэры ў Ігара Казмерчака былі "для разбіральніцтва" забраныя дзве флэшкі, 3G мадэм і працэсар кампутара. Ігар Казмерчак з'яўляецца доўгатэрміновым назіральнікам за выбарамі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"