Бялыніцкія актывісты дасылаюць палітвязням віншаванні да Дня незалежнасці
Бялыніцкія грамадскія актывісты 20 ліпеня накіравалі ўсім беларускім палітвязням віншавальныя паштоўкі да Дня незалежнасці і лісты са словамі падтрымкі.
“Зараз у сувязі з гэтай перадвыбарчай мітуснёй праблема палітвязняў неяк адышла на другі план нават у дэмакратычным асяродку, - кажа бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіч.- Між тым гэта праблема па-ранейшаму застаецца нявырашанай і аб ёй нельга забывацца ні ў якім выпадку. Слушна наконт гэтага выказалася Наста Палажанка ў сваім адкрытым лісце, я цалкам падзяляю яе меркаванне. У нашай краіне без усялякага чынніка можа патрапіць за краты любы неабыякавы чалавек і апошнія адміністрацыйныя арышты праваабаронцаў, эколагаў, маладафронтаўцаў і журналістаў гэта цалкам пацвяджаюць. Палітвязням патрэбна падтрымка, каб яны маглі адчуць, што дэмакратычная грамадскасць пра іх не забылась, таму важна дасылаць ім нейкія лісты і паштоўкі з цёплымі словамі, асабліва напярэдадні нейкіх значных дат у жыцці нашай краіны”.
Нагадаем, што з 1991 па 1996 гады галоўнае нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці — адзначалася 27 ліпеня і было прымеркаванае да даты прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце (27 ліпеня 1990 г.). Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі падчас рэспубліканскага рэферэндуму 1996 года было прынята рашэнне аб святкаванні Дня незалежнасці 3 ліпеня.