Пенітэнцыярная сістэма Беларусі – адна з самых закрытых
Пенітэнцыярная сістэма Беларусі – адна з самых закрытых. А адсутнасць грамадскага кантролю можа прывесці да беспакаранасці і, як вынік, да ўседазволенасці і злоўжыванняў у дачыненнi да вязняў. Зразумела, вялікая колькасць з iх – звычайныя ўгалоўнікі, злачынцы, якія, на думку большасці насельніцтва, не заслугоўваюць спачування. Але, так цi iнакш, чалавечыя ўмовы ўтрымання ім гарантаваныя законам.
Беларусь падпісала шмат дакументаў, канвенцыю супраць катаванняў і іншых відаў пакарання. Ёсць закон, але існуе і правапрымяняльная практыка. Напрыклад, дзяржава нібыта павінна дбаць пра развіццё фізкультуры ў месцах зняволення, але калі Мікола Статкевіч напісаў, што падцягваецца на турніку, у хуткiм часе, як паведаміў ён, турнік спілілі. Ігару Аліневічу, па дадзеных маці, не перадалі валейбольны мяч.
Існуючыя нормы па колькасці пасылак і доўгатэрміновых спатканняў і так невялікія, але і гэта атрымаць можна не заўсёды. У Наваполацкай калоніі маці І. Аліневіча замест трох сутак дазволілі спатканне з сынам на адны суткі, пра першае дазволенае спатканне яна даведалася за адзін дзень да вызначанай даты, таму што ліст з калоніі ішоў 19(!) дзён! Такіх прыкладаў безліч. Складаецца ўражанне, што адміністрацыя калоній ставіць сабе за мэту не выпраўленне зняволеных, а нізвядзенне людзей да жывёльнага стану, ствараючы пры гэтым умовы для злоўжыванняў сваіх працаўнікоў. Вядома, што дзяржава выдаткуе немалыя грошы на забяспечанне зняволеных, але немагчыма пракантраляваць, як яны расходуюцца.
Тэхнічны стан месцаў зняволення не адпавядае агульначалавечым санітарна-гігіенічным нормам, адсутнічаюць дастатковае ацяпленне, асвятленне і прыток свежага паветра, што прыводзіць да спецыфічных захворванняў. Педыкулёз, часотка, сухоты – частыя спадарожнікі следчых ізалятараў і калоній. Медыцынскае абслугоўванне недастатковае, адсутнічаюць неабходнае абсталяванне і медыкаменты, стаўленне медперсаналу абыякавае.
На дасланую мною 26.04 прапанову дэпутатам па адмене для асуджаных абмежаванняў па колькасці атрыманых харчовых пасылак, перадач і бандэроляў ад родных і сяброў пакуль што атрымала адзін адказ ад Святланы Сяргееўны Пішч, якая напiсала, што «…установление права для осужденных к лишению свободы на получение неограниченного количества посылок и передач может создать у них иждивенческие настроения (стремление жить за счет членов своей семьи), а также способствовать передаче им запрещенных вещей (предметов) и т.п.».
У рэальным стане – харчовыя пасылкі адзіны магчымы сродак дачакацца свайго блізкага чалавека з турмы жывым і здаровым, абмяжоўваць іх колькасць бесчалавечна. Можна пайсці далей і прапанаваць тым людзям, якія захочуць цалкам забяспечваць сваіх родных у турме, перайсці на самазабеспячэнне і такім чыным зняць цяжар з дзяржавы. На маю думку, сям’я дзеля таго і існуе, каб падтрымліваць сваіх родных і блізкіх людзей, нават калі яны аступіліся; а праверка пасылкі на змест забароненых рэчаў робіцца ў любым выпадку, гэта справа адміністрацыі.
Цяжкая сітуацыя з правамі чалавека, відавочны сілавы акцэнт у палітыцы дзяржавы, недасканаласць судзебнай сістэмы робіць актуальнай як ніколі праблему пенітэнцыярнага заканадаўства, правапрымяняльнай практыкі і стану асуджаных.
Заклікаю грамадства да адкрытага дыялогу на гэту тэму.
сябра БХК Анжэла Камбалова на intex-press.by