Суд адмовіў прафсаюзнаму актывісту “Граніта” у аднаўленні на працы
Намеснік старшыні суполкі незалежнага прафсаюзу прадпрыемства “Граніт” Мікалай Карышаў спрабаваў праз суд аспрэчыць факт свайго звальнення і дамагчыся выплаты грашовай кампенсацыі.
Аднак старшыня суду Лунінецкага раёна Васіль Бельскі, які асабіста разглядаў гэтую справу, не ўбачыў парушэнняў у тым, што з Карышавым не быў падоўжаны працоўны кантракт. Паводле высноваў суддзі, наймальнік меў для гэтага падставы, а пярэчанні прафсаюзнага актывіста пра парушэнні закзанадаўства пры падпісанні гэтага кантракту Васіль Бельскі хоць і прыняў да ўвагі, але паведаміў, што тэрмін для абскарджвання даўно мінуў.
Пасля такога выніку судовага паседжання Мікалай Карышаў збіраецца стаць на ўлік цэнтры занятасці і паспрабаваць аднавіць сваё месца працы, бо ягоная прафесія вельмі запатрабаваная: Мікалай працаваў у чыгуначным цэху пагрузкі драбільна-сартавальнага заводу РУВП “Граніт”.
Паплечнікі Карышава ўпэўненыя, што гісторыя яго звальнення (як і астатніх сяброў незалежнага прафсаюза) наўпрост звязаная з іх прафсаюзнай дзейнасцю.