Недзяржаўныя арганізацыі выступілі супраць зьнішчэньня Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа ў межах кампаніі “Наша салідарнасьць”
Працягам барацьбы з грамадзянскай супольнасьцю і будаўніцтва
"аўтарытарнага грамадзтва зь неабмежаваным дэспатызмам адной асобы"
назвалі старшыні 14 буйных грамадзкіх аб'яднаньняў Беларусі ліквідацыю
Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Жана
Літвіна (БАЖ), Віталь Васількоў ("Кола сяброў"), Алесь Мілінкевіч
("Ратуша"), Іна Кулей ("Наша Вежа"), Ларыса Андросік ("Дыярыюш"), Алег
Трусаў (ТБМ імя Ф.Скарыны) і інш. скіравалі адмысловую заяву пратэсту
супраць зьнішчэньня ўстановы Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь,
прэм'ер-міністру краіны, міністру адукацыі, а таксама Вярхоўнаму
камісару ААН па правах чалавека, у Камітэт па правах дзіцяці ААН, у
ЮНЭСКА, у Парлямэнцкую Асамблею АБСЭ, Бюро па дэмакратычных інстытутах
і правах чалавека АБСЭ.
Кіраўнікі няўрадавых арганізацый Беларусі выказваюць рашучы пратэст супраць
пастановы ўраду ад 25 чэрвеня і загаду Міністэрства адукацыі ад 26 чэрвеня аб
ліквідацыі Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Я.Коласа.
Падпісанты зьвяртаюць увагу, што разбурэньне ўладамі ўнікальнага беларускамоўнага
навучальнага асяродку, "дзе пасьпяхова прымяняліся новыя мэтодыкі і праграмы
эўрапейскага ўзроўню, не адпавядае патрабаваньням Закону аб мовах Рэспублікі
Беларусь, Канвэнцыі аб правах дзіцяці, Міжнароднаму пакту аб эканамічных,
сацыяльных і культурных правах".
У заяве адзначаецца, што ліцэй - унікальная навучальная ўстанова, дзе юнакі
і дзяўчаты краіны маюць адзіную магчымасьць атрымліваць адукацыю на беларускай
мове. Прадстаўнікі НДА зьвяртаюць увагу на высокую якасьць адукацыі, якую можна
было атрымаць у ліцэі. Пра гэта сьведчаць "дасягненьні вучняў ліцэю і яго
выпускнікоў".
"Ліквідацыю ўрадам Беларусі Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя
Я.Коласа мы расцэньваем як працяг барацьбы з грамадзянскай супольнасьцю і
пабудовы аўтарытарнага грамадзтва з неабмежаваным дэспатызмам адной асобы", -
гаворыцца ў заяве. Ліквідацыя ліцэю імя Якуба Коласа названа "беспрэцэдэнтнай па
нахабстве і цынізме" акцыяй. "Дзеці-навучэнцы ліцэю сталіся ахвярай абвешчанага
ўладамі змаганьня з усімі праявамі іншадумства ў працэсе "ўмацаваньня ідэалягічнай
працы ў дзяржаве". У палітычных мэтах урад бессаромна парушае права дзяцей на
атрыманьне адукацыі на роднай мове". Старшыні арганізацыяў-сябраў Асамблеі НДА
Беларусі, якія ініцыявалі кампанію "НАША САЛІДАРНАСЬЦЬ", разглядаюць ліквідацыю
ліцэю як працяг кампаніі ўладаў па зьнішчэньні грамадзкіх аб'яднаньняў,
прафэсійных саюзаў і незалежных мэдыяў.
У сувязі з выкладзеным прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў заклікаюць урад
краіны, прэзыдэнта і прэм'ер-міністра адмяніць рашэньне аб ліквідацыі
Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Я.Коласа, а міжнародныя
арганізацыі "ў межах сваіх магчымасьцяў паўплываць на ўрад Беларусі з мэтай
прымусіць яго выконваць права грамадзян Беларусі на атрыманьне адукацыі на
беларускай мове ".
Гэтымі днямі заява будзе перададзеная ў Адміністрацыю прэзыдэнта,
Міністэрства адукацыі. У замежныя арганізацыі заява пратэсту накіравана праз
пошту.
ПРЭС-РЭЛІЗ
ГРАМАДЗКАЙ КАМПАНІІ
"НАША САЛІДАРНАСЬЦЬ"
7.07.03
Дадатковая інфармацыя:
Алёна Андрэева
GSM (029) 755 80 01
(017) 206 59 09