viasna on patreon

Для Аляксандра Кірылава прызначалі псыхіятрычны кансіліум у аблвыканкаме

2012 2012-07-17T17:03:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kirylau-i-ryzhou.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Кірылаў і Сяргей Рыжоў

Аляксандр Кірылаў і Сяргей Рыжоў

Пра гэта паведаміў аднапартыец віцебскага актывіста, стваральнік незарэгістраванай  Беларускай кансерватыўнай партыі “Белая Русь” Сяргей Рыжоў. Кансіліум прызначаны на 12 гадзін 18 ліпеня. Якраз у гэты самы час Аляксандар Кірылаў меркаваў праводзіць пікет на плошчы Свабоды, пратэстуючы супраць незаконнага, на яго думку, скасавання з уліку у абласным цэнтры занятасці. А на 15 гадзін прызначаны разгляд судовай скаргі на гэтую ўстанову.

Сяргей Рыжоў перакананы, што Аляксандра Кірылава пераследуюць за апазіцыйныя палітычныя погляды:

"Колькі месяцаў таму наша партыя паведаміла, што ініцыюе шэраг судовых справаў супраць уціску дзяржавы. Адна з такіх справаў – гэта справа, ініцыяваная спадаром Кірылавым супраць абласнога цэнтру занятасці. Яго знялі з уліку, і цяпер у хлопца няма сродкаў для існавання, бо на працу яго не бяруць таксама. Таму Аляксандар напісаў у Віцебскі гарвыканкам, што 18 ліпеня ў 12 гадзін выйдзе на пікет супраць беспрацоўя. Таксама ён паведаміў, што не мае грошай, каб заключаць дамовы з ЖКГ, міліцыяй і хуткай дапамогай на абслугоўванне акцыі. І якраз напярэдадні яму патэлефанавала невядомая жанчына, назвалася супрацоўніцай ідэалагічнага аддзелу Кастрычніцкага райвыканкаму і сказала, што Кірылава адразу затрымае міліцыя, ледзьве толькі ён з’явіцца ў цэнтры горада, дзе ідуць імпрэзы "Славянскага базара".

Спадар Рыжоў падкрэслівае, што ў цэнтры Віцебску Аляксандру Кірылаву быць проста неабходна, і звязана гэта не з адным толькі пікетам:

"Кастрычніцкі раённы суд, дзе мусіць разглядацца скарга Аляксандра, знаходзіцца за некалькі соцень метраў ад Летняга амфітэатру. А на 12 гадзін Кірылава ўвогуле выклікаюць у аблвыканкам – на медычны кансіліум адносна ягонага душэўнага здароўя. Вы калі-небудзь чулі, каб псіхіятары прызначалі кансіліумы ў аблвыканкаме?"

Сяргей Рыжоў разам з Аляксандрам Кірылавым наведалі 17 ліпеня абласную пракуратуру. Па-першае, каб пакінуць заяву пра тэлефонны званок з пагрозамі арышту ад невядомай жанчыны і каб папрасіць абароны ад магчымых рэпрэсій на працягу заўтрашняга дня. А па-другое, Аляксандр Кірылаў папярэдне запісаўся на сённяшні дзень на прыём да пракурора вобласці. Аднак супрацоўніца пракуратуры заявіла, што актывіста ў спісе на прыём няма, а сам пракурор з'ехаў па нейкіх справах і таму сёння прыняць яго не зможа ні пры якіх абставінах.   

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства