Гарады Польшчы салідарныя зь беларусамі
16 лістапада ў дзевяці польскіх гарадох адбыліся акцыі салідарнасьці зь сем`ямі зьніклых беларускіх палітыкаў і палітвязьнямі. Акцыі салідарнасьці прайшлі ў Варшаве, Кракаве, Познані, Уроцлаве, Гданьску, Лодзі, Пултуске, Любліне, Беластоку.
"Менск-Варшава -- супольная справа" -- гэткім лёзунгам распачаўся ў Варшаве Дзень салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ды зьніклымі апанэнтамі ўладаў. Арганізаваў акцыю "Зьвяз у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі". Удзел бралі палякі ды беларусы – каля 100 чалавек. Усё пачалося ў цэнтры Варшавы пад помнікам Дэ Голя, дзе мінакам раздавалі ўлёткі пра акцыю салідарнасьці і пра лёс Зьмітра Дашкевіча, асуджанага на паўтары гады зняволеньня за "ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі ".
Потым удзельнікі расьцягнуліся абапал вуліцы Новы Сьвят. Маніфэстанты трымалі зьнічкі, бел-чырвона-белыя сьцягі ды партрэты Зьмітра Дашкевіча. Праз цэнтральныя вуліцы калёна дайшла да Замкавага Пляцу, дзе арганізатары паказалі фільм Паўла Шэрэмэта "Дзікае паляваньне-2". Фільм праецыраваўся на аглядную вежу на Замкавым пляцы.
У Беластоку акцыя салідарнасьці прайшла ў выглядзе тэатралізаванага пэрфомансу, падчас якога імправізаваны Аляксандар Лукашэнка быў арыштаваны уласнай аховаю, а беларускі палітвязень Зьміцер Дашкевіч вызвалены з турмы па патрабаваньні грамадзкасьці.
Пасьля заканчэньня пэрфомансу яго удзельнікі сталі са сьвечкамі й партрэтамі палітвязьняў Паўла Севярынца, Артура Фінькевіча, Міколы Статкевіча, Аляксандра Казуліна, Цімафея Дранчука, Андрэя Клімава і іншых насупраць беларускага консульства і патрабавалі іх неадкладнага вызваленьня. Пры гэтым удзельнікі акцыі завязалі вочы джынсавымі стужкамі.
У Кракаве сваю салідарнасьць зь Беларусьсю выказала ля 50 чалавек. У цэнтры гістарычнага горада ўдзельнікі разцягнулі банэр “Свабоду палітвязьням” ды запалілі сьвечкі.
Люблін таксама правёў акцыю падтрымкі палітвязьня Зьміцера Дашкевіча. Людзі сталі з партрэтамі палітвязня пад помнікам Люблінскай вуніі. Былі запаленыя сьвечкі.
Ва Ўроцлаве ля 20 чалавек з бела-чырвона-белымі сьцягамі прайшлі галоўнымі вуліцамі гораду, сьпяваючы беларускія песьні.
Таксама Дзень Салідарнасьці быў адзначаны ў Познані, Лодзі, Гданьску і іншых гарадох Польшчы, паведаміла прэс-служба Хартыі’97.