У Маладэчне дэпутаты ўжо спынілі працу?
Прадстаўнікі “Праваабаронцаў за свабодныя выбары” паспрабавалі спраўдзіць інфармацыю пра магчымых праўладных кандыдатаў у парламент ад Маладэчанскага раёна. Найперш яны вырашылі дазваніцца да цяперашніх дэпутатаў, каб задаць ім пытанне, ці плануюць яны зноў балатавацца.
У прыёмнай дэпутата ад Маладэчанскай сельскай акругі №71 Уладзіміра Сінякова на працягу некалькіх дзён слухаўку так ніхто і не падняў. А ў прыёмнай дэпутата ад Маладэчанскай гарадской акругі №70 Мікалая Жгуна ананімны абанент здзівіўся: “Чаму вы сюды тэлефануеце? Жгун ужо не прымае. Усе пытанні будзеце задаваць новаму дэпутату”.
Адказаў на запыт па электроннай пошце ад цяперашніх дэпутатаў таксама не прыйшло.
Каб высветліць сітуацыю наконт найбольш верагоднай кандыдатуры – старшыні райвыканкама Фёдара Дамаценкі, журналістка пазваніла ў райвыканкам. Сакратар паведаміла, што старшыня знаходзіцца ў адпачынку і даць адказ на такое пытанне зможа толькі ён асабіста.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"