Старшыня непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс 13 лістапада была дапытаная ў гарадзенскай абласной управе КДБ
Анжаліка Борыс зьяўляецца сьведкай у крымінальнай справе аб кантрабандзе наркотыкаў, якую Галоўная рада СПБ назвала палітычнай правакацыяй.
Як паведаміла Радыё вабода, допыт працягваўся больш за чатыры гадзіны. Спачатку да Анжалікі Борыс не хацелі дапусьціць адваката, і яна адмовілася адказваць на пытанньні. Тады адвакат Уладзімір Кісялевіч быў дапушчаны на допыт. Пасьля гэтага старшы сьледчы па асабліва важных справах маёр Віктар Ражко заявіў, што яны хочуць здымаць допыт на відэа. Спадарыня Борыс не пагадзілася, сказаўшы, што раней неаднойчы такія відазапісы выкарыстоўвала потым беларускае тэлебачаньне ў сваіх фільмах. Аднак відэакамэру ўключылі, і Анжаліка Борыс адмовілася гаварыць. Яна такім чынам дамаглася, каб яе перасталі здымаць. Сьледчага цікавіла шырокае кола пытаньняў, у тым ліку - дзейнасьць Саюзу палякаў, яго фінансаваньне, кантакты за мяжой.
Анжаліка Борыс адмовілася падпісваць паперу аб тым, што яна ня будзе распавядаць пра зьмест допытаў па-за сьценамі КГБ.
У першай палове дня на допыце ў КГБ быў кіроўца спадарыні Борыс Анджэй Лісоўскі, у машыне якога знайшлі наркотык. Яшчэ раней ён быў названы падазраваным у гэтай крымінальнай справе. Сёньня ў яго ўзялі падпіску аб нявыезьдзе і забралі пашпарт. Але спадар Лісоўскі адмовіўся даць падпіску аб тым, што ён ня будзе разгалошваць зьмест допытаў.
Нпагадаем, што 29 кастрычніка на КПП “Прывалка” на беларуска-літоўскай мяжы быў затрыманы аўтамабіль Audi Анджэя Лісоўскага, якім ён кіраваў. У машыне былі двое пасажырак, адна з іх — Анжаліка Борыс. Мытнікі знайшлі ў аўтамабільным люстэрку невядомы парашок, які потым аказаўся амфэтамінам.