Магілёў: праваабаронцы ўпершыню трапілі на першыя паседжанні АВК
У Магілёве праваабаронцы ўпершыню прысутнічалі на першых арганізацыйных пасяджэннях акруговых выбарчых камісій, якія праходзілі 11 ліпеня.
Аляксей Колчын патрапіў на сумеснае пасяджэнне акруговых выбарчых камісій №84 і №85.
“На гэтым пасяджэнні абіралася кіраўніцтва камісій і размяркоўваліся абавязкі. Мяне зарэгістравалі там у якасці назіральніка і адразу ж далі магчымасць назіраць за усім працэсам. Пярэчанняў не было і пакуль камісіі працуюць адкрыта”, - кажа Аляксей Колчын.
Старшынёй акруговай камісіі №84 стаў спадар Міхаленя, які працуе намеснікам дырэктара па ідэалогіі завода “Зеніт”, яго намеснікам стала спадарыня Грышанава, якая з’яўляецца галоўным спецыялістам аддзела арганізацыйна-кадравай працы адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва, сакратаркай абрана спадарыня Будраменка – настаўніца СШ№15.
Старшынёй акруговай камісіі №85 стала загадчыца ясляў-сада №46 спадарыня Клімянкова, яе намесніцай – загадчыца аддзелу арганізацыйна-кадравай працы адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва спадарыня Хаданёнак, сакратаркай была абрана пенсіянерка спадарыня Міронава.
Правабаронца Барыс Бухель трапіў на першае арганізацыйнае пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі №87, а на пасяджэнне камісіі №86 яго не дапусцілі, бо ён не быў вылучаны назіральнікам у гэтую камісію.
“Незразумела, чаго нам раней не давалі інфармацыю аб першых арганізацыйных пасяджэннях акруговых выбарчых камісій. Упершыню за апошнія гадоў 18 у нас атрымалася вырваць інфармацыю аб месцы, даце і часе правядзення гэтых пасяджэнняў і нас дапусцілі назіраць за гэтым працэсам, - кажа Барыс Бухель. - У прадстаўнікоў улады выпрацавалася хранічная звычка не даваць інфармацыю, нават у тых выпадках, калі гэта не замінае іх працы”.
Старшынёй акруговай камісіі №87 стаў Аляксандр Кажэмякін, які ужо быў раней кіраўніком раённай тэрытарыяльнай камісіі па выбарах прэзідэнта. Месца ягонай працы агучана не было. Яго намеснікам стала Валянціна Смычкова, дэпутат гарсавета, дырэктар цэнтра “Творчасць”, сакратаркай абраная Вольга Сінякіна, вядучы спецыяліст аддзела ідэалогіі на “Магілёўхімвалакно”.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"