Баранавічы: кіраўнік акруговай камісіі абраны з падачы выканкаму
10 ліпеня ў малой зале гарвыканкама адбылося першае пасяджэнне акруговай камісіі Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 5, якое адкрыла загадчыца аддзела арганізацыйна-кадравай працы гарвыканкама Дудко Вольга. Яна прапанавала абраць старшынёй акруговай выбарчай камісіі Таццяну Латышаву. Спадарыня Латышава неаднаразова раней кіравала акруговымі камісіямі падчас парламенцкіх выбараў, а сёлета была вылучана ад рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесійнага саюза працоўных дзяржаўных і іншых устаноў. Назіральнік ад Баранавіцкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы Сяргей Гоўша задаў пытанне прадстаўніцы гарвыканкама:
– 9 ліпеня рашэннем Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў і Брэсцкага аблвыканкама была створана Баранавіцкая-Заходняя выбарчая акруга № 5, якая з гэтага моманту павінна быць незалежнай ад усіх галін улады. Гарвыканкам арганізуе толькі першае пасяджэнне. Акруговая ж камісія сама павінна абраць сабе кіраўніцтва. Чаму Баранавіцкі гарвыканкам спрабуе кіраваць працай акруговай камісіі?
Супрацоўніца гарвыканкама ўхілілася ад прамога адказу на пастаўленае пытанне і працягнула сваю працу, не звяртаючы ўвагі на заўвагу назіральніка.
Фота: загадчыца аддзела арганізацыйна-кадравай працы Баранавіцкага гарвыканкама Дудко Вольга адкрывае першае пасяджэнне камісіі Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 5
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”