“Слуцкі край” пра выбары ўсё маўчыць, але абвінавачвае ў невуцтве Меркель і Абаму
У раённай газеце “Слуцкі край” тэма парламенцкіх выбараў ігнаруецца.
У нумары за 6 ліпеня “Слуцкі край” аддаў цэлы разварот пад інфармацыю пра спіс тэрыторый, замацаваных за прадпрыемствамі і арганізацыямі для выканання работ па добраўпарадкаванні горада. Згодна з рашэннем Слуцкага райвыканкама ад 11 чэрвеня, прадпрыемствы абавязалі сістэматычна прыбіраць смецце, утрымліваць у санітарным стане ўсе аб’екты і расчышчаць снег зімой.
Акрамя таго, у газеце змешчаны матэрыял пад загалоўкам “МЕРКЕЛЬтыўныя інтарэсы”. Аўтар, падпісаны як Сяргей Мухін, піша пра тое, што “асобныя палітыкі не ведаюць геаграфіі”. У якасці доказаў прыводзіцца прыклад, як “Ангела Меркель на уроку ў школе не змагла паказаць на контурнай мапе, дзе знаходзіцца сталіца Германіі і нават яе родны Гамбург”.
Далей аўтар выказвае здагадку, што канцлер Германіі паняцця не мела, дзе знаходзіцца Беларусь, але сітуацыя ў нашай краіне чамусьці ўяўляе для яе “меркельтыўны” інтарэс. Невукамі, на яго думку, таксама з’яўляюцца прэзідэнт ЗША Барак Абама і яго папярэднікі Джордж Буш-малодшы і Біл Клінтан. Крыніцы, адкуль журналіст слуцкай раёнкі Сяргей Мухін узяў інфармацыю пра нямецкага канцлера і амерыканскіх прэзідэнтаў, не называюцца.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”