Замежных журналістаў не пусцілі ў Беларусь
Міністэрства замежных справаў Беларусі без тлумачэньня прычынаў адмовіла ў выдачы ўязных візаў замежным журналістам: кіраўніку беларускай рэдакцыі радыё “Нямецкая хваля” Карнэліі Рабітц і нямецкаму журналісту Інгу Петцу. Аб гэтым паведаміла прэс-служба БАЖ.
Таксама ўезд у Беларусь не дазволілі некалькім еўрапейскім палітыкам і дэпутатам германскага Бундэстага. Яны зьбіраліся прыняць удзел у 9-ым Беларуска-нямецкім форуме.
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў ў інтэрв’ю “Нямецкай хвалі” назваў гэтую меру “вымушанай і сіметрычнай рэакцыяй” на абмежаваньні ў адносінах Беларусі з боку ЭЗ, ЗША і іншых краін. Ён падкрэсьліў, што ў ліку беларускіх грамадзянаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЭЗ і, у прыватнасьці, ФРГ, знаходзяцца прадстаўнікі беларускага парляменту і СМІ. Мы лічым, -- заявіў А. Папоў, -- што лёгіку дэпутатаў Бундэстага і журналістаў адносна таго, хто на самай справе “перашкаджае дыялёгу” і “свабоднаму абмену інфармацыяй”, трэба, перш за ўсё, прымяніць у адносінах да ініцыятараў абмежавальных мераў у адносінах Беларусі.
Трэба адзначыць, што гэта далёка ня першы выпадак, калі журналістаў іншых краін не пускаюць у Беларусь. Але ў адрозьненьні ад беларускіх уладаў ЭЗ абнародаваў сьпіс асоб, якім забаронена знаходзіцца на яго тэрыторыі. Тым часам замежныя грамадзяне і, у прыватнасьці, журналісты, зачастую даведваюцца аб тым, што ім не дазволены ўезд у Беларусь у апошні момант альбо нават ужо прыбыўшы на тэрыторыю Беларусі і маючы візу і акрэдытацыю, як гэта адбылося напрыклад з польскімі журналістамі.