Кіргізскія праваабаронцы нагадалі беларускім дыпламатам пра справу Алеся Бяляцкага
Талекан
Ісмаілава, кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Грамадзяне супраць карупцыі»,
распавяла пра ўражанні кіргізскіх праваабаронцаў, якія спрабавалі наведаць у
Бішкеку афіцыйны прыём з нагоды дня незалежнасці Беларусі - з патрабаваннем
вызвалення кіраўніка "Вясны" і віцэ-прэзідэнта FIDH Алеся Бяляцкага.
"4
ліпеня ў Бішкеку, у самым багатым рэстаране "Той кана", прайшоў прыём
да дня незалежнасці Беларусі.
Мы
з калегамі прыйшлі выказаць свой пратэст, і многія дыпламаты са здзіўленнем глядзелі
на нас. Яны былі святочна апранутыя, а на тварах была радасць ад таго, што яны
могуць размаўляць паміж сабой, атрымліваць асалоду ад музыкі і дэгуставаць
смачныя дэлікатэсы.
Некаторыя
спыняліся, пазнаючы нас, і запытваліся пра падрабязнасці пра нашага калегу Алеся
Бяляцкага. Здзівіў
мэр горада Бішкека Іса Амуркулаў - шырока ўсміхаючыся, абняўшы нас, спытаў:
"А ці ёсць яшчэ адзін здымак Алеся, каб ён стаў з намі побач?"
Шчыра,
было прыемна: нешта змянілася ў лепшы бок - у некаторых чыноўнікаў...
Але
міліцыя, як заўсёды, стаяла на варце, забяспечваючы бяспеку дадзенага
мерапрыемства. І не пусціла нас. Супрацоўнікі
былі ветлівыя, карэктныя, але сказалі, што, калі пусцяць нас, яны могуць
застацца без працы, паколькі Амбасада Беларусі прасіла забяспечыць ім бяспеку ...
Вельмі
здзівіў нас высокі чыноўнік з УВКПЧ ААН Армен Аруцюнян. Убачыўшы
нас, ён сказаў: "Я бачу, вы заўсёды пры справе ...?" -
і, хутка сеўшы ў дарагую машыну з дыпламатычнымі нумарамі, пакаціў ... Я
паспела сказаць: "Гэта ж мандат ААН, абараняць правы праваабаронцаў!"
Так
прайшоў дзень незалежнасці - ці залежнасці - Беларусі ў Бішкеку.
Вяртаючыся
дадому, маладыя юрысты абмяркоўвалі, ці ёсць наогул мандат абароны правоў
праваабаронцаў у ААН. Дэкларацыя -
жывая або яна інструмент вялікай палітыкі?
Талекан Ісмаілава"
Дададзім, што знаёмства Алеся Бяляцкага з калегай з Кіргізіі адбылося ў рамках яго дзейнасці па лініі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека. У прыватнасці, яны працавалі ў Бішкеку ў 2010 годзе, калі Алесь Бяляцкі ў складзе даследчай місіі FIDH наведваў Кіргізію пасля чэрвеньскага міжэтнічнага канфлікту на поўдні краіны, а таксама ў снежні таго ж года, калі ў Бішкеку прэзентаваўся даклад па выніках місіі.